Віншаванне народу Швецыі з Нацыянальным днём

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў народ Швецыі з Нацыянальным днём.

    "Два стагоддзі міру, якія забяспечылі вашаму народу нейтралітэт, і непрыналежнасць да ваенных саюзаў спрыялі будаўніцтву развітой, самастойнай, сацыяльна арыентаванай дзяржавы. На жаль, адыходзіць у нябыт гэта палітыка Швецыі, якая магла б стаць выратавальным прыкладам для мноства краін у Еўропе і свеце. Мілітарызацыя, сучасныя нелегітымныя санкцыі супраць суседзяў вядуць толькі да росту напружанасці і нестабільнасці ў рэгіёне, падрываюць эканамічны дабрабыт шведаў. Перакананы, што наперакор усім палітычным супярэчнасцям, кампаніям па дэзынфармацыі адносна Беларусі нашы народы захаваюць добрыя адносіны, пабудаваныя на імкненні да сацыяльнай справядлівасці і шанаванні сумленнай працы", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь шчыра зацікаўлена ў аднаўленні палітычнага дыялогу са Швецыяй, заснаванага на раўнапраўі і ўзаемнай павазе.

    "Толькі праз пашырэнне супрацоўніцтва ў эканамічнай, гуманітарнай, прыродаахоўнай і іншых галінах беларусы і шведы могуць садзейнічаць дасягненню міру і ўмацаванню бяспекі ў краінах Еўропы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.