Віншаванне народу Канады з нацыянальным святам
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Канады з нацыянальным святам - чарговай гадавінай незалежнасці дзяржавы.
"У гэтым годзе дыпламатычным адносінам паміж нашымі краінамі споўнілася 30 гадоў, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - За мінулыя дзесяцігоддзі часта насуперак палітычнай кан'юнктуры рэалізаваны шэраг сумесных праектаў у гуманітарнай і адукацыйнай сферах, у галіне эканомікі, навукі і спорту".
"Мы вельмі ўдзячныя звычайным канадцам, якія працягнулі руку дапамогі Беларусі пасля аварыі ва ўкраінскім Чарнобылі і прынялі ў свае сем'і на аздараўленне сотні беларускіх дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што загартаваныя часам міжчалавечыя кантакты і дружба стануць мацнейшымі за санкцыі і прымусяць канадскіх палітыкаў вярнуцца да нармальнага дыялогу.
"Беларускі бок гатовы да аднаўлення канструктыўнай работы на карысць нашых народаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт пажадаў усім жыхарам Канады міру, дабрабыту, працвітання і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.