Віншаванне народу Грузіі з нацыянальным святам

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў народ Грузіі з нацыянальным святам - Днём Незалежнасці.

    "Заснаваныя на гістарычных хрысціянскіх традыцыях аднолькавыя каштоўнасці народаў Беларусі і Грузіі, сапраўдная любоў да Айчыны і моцнае жаданне жыць і працаваць на сваёй зямлі спакон вякоў нас аб'ядноўвалі", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што такая духоўная блізкасць, пачуццё разумення, добразычлівасць і шчырасць сучасных адносін дапамогуць у бліжэйшы час аднавіць паўнацэннае ўзаемадзеянне дзвюх краін па ўсіх напрамках.

    "Перакананы, што палітычная сталасць грамадскай супольнасці, жыццёвая мудрасць і нязломная воля грузінскага народа, а галоўнае - зацікаўленасць у захаванні стабільнасці ў нашым агульным рэгіёне з поспехам пераадолеюць усе існуючыя супярэчнасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў грузінскаму народу міру, стойкасці і мужнасці для ўмацавання сваёй дзяржаўнасці.