Віншаванне народу Фінляндскай Рэспублікі з Днём Незалежнасці

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Фінляндскай Рэспублікі з Днём Незалежнасці.

    "Ваша краіна дасягнула ўражальных поспехаў у сацыяльнай, эканамічнай і навукова-тэхнічнай сферах, чаму ў немалой ступені садзейнічала традыцыйная прыхільнасць рэспублікі да нейтралітэту і мірнага суіснавання ў рэгіёне, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - З вялікім шкадаваннем назіраем за адыходам афіцыйнага Хельсінкі па надуманых прычынах ад гэтай лініі, што ўжо вельмі негатыўна паўплывала на якасць жыцця фінскага народа".

    Прэзідэнт звярнуў увагу, што насуперак усім інфармацыйным фэйкам Беларусь была і застаецца надзейным партнёрам, які ніколі не ствараў праблем сваім суседзям і на працягу ўсёй сваёй гісторыі з'яўляецца донарам стабільнасці і неканфліктнага супрацоўніцтва.

    "Упэўнены, што, нягледзячы на палітычны клімат, народы дзвюх краін здолеюць сумеснымі намаганнямі захаваць мір і пазітыўны 30-гадовы вопыт двухбаковых адносін. Беларусь нязменна зацікаўлена ў аднаўленні раўнапраўнага палітычнага дыялогу з Фінляндыяй, гандлёва-эканамічным узаемадзеянні, пашырэнні навуковых і гуманітарных кантактаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.