Віншаванне калектыву Віцебскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Віцебскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра з 40-годдзем з дня заснавання клінікі.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адкрыццё гэтай медыцынскай установы стала важнай падзеяй для сістэмы аховы здароўя не толькі Віцебскай вобласці, але і ўсёй Беларусі.

    "На працягу 40 гадоў спецыялісты клінікі штодзённа трымаюць на далонях людскія сэрцы, прымушаючы іх біцца ў здаровым рытме. Дзякуючы прафесіяналізму персаналу, пастаяннай даследчай рабоце і захаванню лепшых медыцынскіх традыцый кардыяцэнтр ператварыўся ў сучасную высокатэхналагічную арганізацыю з салідным навукова-практычным патэнцыялам, - гаворыцца ў віншаванні. - Вы не засталіся ўбаку ў час эпідэміі каранавіруснай інфекцыі, пацвердзіўшы, што вашымі галоўнымі якасцямі з'яўляюцца міласэрнасць і вернасць клятве беларускага ўрача".

    Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што мэтанакіраванасць супрацоўнікаў дасць магчымасць у бліжэйшым будучым дабіцца новых перамог у барацьбе з кардыялагічнымі захворваннямі і выратаваць тысячы жыццяў.

    Прэзідэнт пажадаў калектыву кардыялагічнага цэнтра і ветэранам аховы здароўя прафесійных поспехаў, цікавых навуковых адкрыццяў, здароўя і дабрабыту.