Віншаванне калектыву рэдакцыі газеты "Рэспублiка"

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў рэдакцыі газеты "Рэспублiка" з 30-годдзем з дня выхаду першага нумара выдання.

    "Вы па праву можаце ганарыцца сваім выданнем, у рэдакцыі якога намаганнямі некалькіх пакаленняў журналістаў склаліся ўласныя традыцыі і стыль. Газета шмат піша пра жыццё краіны, пра рэальную эканоміку, пра тое, што цікавіць і непакоіць кожнага чалавека", - гаворыцца ў віншаванні. 

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзякуючы высокаму прафесіяналізму супрацоўнікаў рэдакцыі і якаснай аналітыцы "Рэспублiка" трывала ўтрымлівае адно з вядучых месцаў у інфармацыйнай прасторы незалежнай Беларусі.

    "Упэўнены, што вы і ў далейшым будзеце праўдзіва і адказна асвятляць падзеі ў краіне і свеце, тым самым умацоўваючы адзінства народа і садзейнічаючы працвітанню нашай рэспублікі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.