Віншаванне калектыву Мінскага маторнага завода з 60-годдзем з дня ўтварэння прадпрыемства
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Мінскі маторны завод" з 60-годдзем з дня ўтварэння прадпрыемства.
"Мінскі маторны завод адлічвае сваю слаўную гісторыю з 1963 года - з моманту выпуску легендарнага трактарнага рухавіка Д-50. Аснашчаная ім тэхніка працавала на палях велізарнага шматнацыянальнага СССР і за яго межамі", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння холдынг "Мінскі маторны завод" - адна з буйнейшых прамысловых кампаній Беларусі, вядучы вытворца рухавікоў у СНД. З яго канвеераў сыходзяць дызельныя, газадызельныя і газапоршневыя маторы, дызель-генератарныя, стацыянарныя і перасовачныя кампрэсарныя станцыі, спецтэхніка. А прадукцыя запатрабавана ў краінах як блізкага, так і далёкага замежжа.
"Завод адаптаваўся да няпростых сусветных эканамічных умоў. Яскравым сведчаннем таго з'яўляюцца рост аб'ёмаў вытворчасці і продажаў, стварэнне новых працоўных месцаў, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Усе гэтыя высокія дасягненні сталі магчымы дзякуючы працы некалькіх пакаленняў сапраўдных прафесіяналаў, іх творчаму пошуку, сіле канструктарскай і інжынернай думкі. Упэўнены, што і ў далейшым стойкасць і мэтанакіраванасць вялікага дружнага калектыву паслужаць асновай для новых поспехаў на карысць Беларусі і яе народа".
Аляксандр Лукашэнка пажадаў работнікам і ветэранам Мінскага маторнага завода моцнага здароўя, шчасця і міру, а прадпрыемству - вытворчых здзяйсненняў.