Віншаванне калектыву холдынга "АМКАДОР"
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў холдынга "АМКАДОР" з 95-годдзем з дня ўтварэння прадпрыемства.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што стварэнне ў 1927 годзе фабрыкі "Адраджэнне" стала значнай падзеяй для маладой савецкай рэспублікі. "Першы калектыў працаваў з велізарным энтузіязмам, пастаянна пашыраючы асартымент выпускаемай прадукцыі, - нагадаў беларускі лідар. - У гады Вялікай Айчыннай вайны завод, да таго часу перайменаваны ва "Ударнік", у поўнай меры падзяліў лёс Мінска - неаднаразова падвяргаўся бамбёжкам і быў практычна поўнасцю разбураны. Аднак гэта не перашкодзіла рабочым адразу пасля вызвалення сталіцы на ўцалелых станках выпускаць усё тое, у чым мела патрэбу краіна для аднаўлення мірнага жыцця".
Дзякуючы неабыякавым і працавітым людзям за дзесяцігоддзі зладжанай работы вырас холдынг "АМКАДОР", і сёння гэта адзін з самых пазнаваемых і паспяховых беларускіх брэндаў, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў перакананне, што, абапіраючыся на шматгадовыя традыцыі, назапашаны вопыт і кампетэнцыі, работнікі прадпрыемства прадоўжаць развівацца і ўмацоўваць прамысловы і тэхналагічны патэнцыял дзяржавы.
Прэзідэнт пажадаў калектыву і ветэранам "АМКАДОРа" здароўя, дабрабыту, далейшых працоўных поспехаў і мірнага неба над галавой.