Віншаванне Генеральнаму сакратару ААН Антоніу Гутэрышу

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша з 75-й гадавінай заснавання арганізацыі.

    "Ад імя народа Беларусі і сябе асабіста шчыра віншую Вас і сакратарыят ААН з 75-годдзем заснавання Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Яе стварэнне стала пачаткам новай эпохі ў адносінах краін свету, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Чалавецтва змагло пабудаваць універсальную міжнародную арганізацыю ў мэтах забеспячэння ўмоў для супрацоўніцтва на карысць міру, абароны правоў чалавека і павышэння ўзроўню жыцця".

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь як адна з заснавальніц ААН адчувае асаблівую адказнасць за тое, каб захавалася памяць аб трагедыі ХХ стагоддзя, а глабальныя і рэгіянальныя спрэчкі не перараслі ў полымя новай суветнай вайны. "Наша краіна будзе прадаўжаць працаваць над пашырэннем стваральнай і аб'яднальнай ролі ААН", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

    Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што сучасныя выклікі і пагрозы патрабуюць ад Арганізацыі Аб'яднаных Нацый умацоўваць калектыўныя намаганні, каб прадухіліць палітычнае, эканамічнае і ваеннае процістаянне, рашуча выключыць аднабаковыя палітызаваныя санкцыі супраць членаў ААН, падтрымаць шырокі дыялог і садзейнічаць усеагульнаму ўстойліваму развіццю, прагрэсу ва ўсім свеце.