Віншаванне Федэральнаму прэзідэнту Федэратыўнай Рэспублікі Германія Франку-Вальтэру Штайнмаеру

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне Федэральнаму прэзідэнту Федэратыўнай Рэспублікі Германія Франку-Вальтэру Штайнмаеру з Днём германскага адзінства.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тры дзесяцігоддзі таму германскі народ прадэманстраваў згуртаванасць, якая дала магчымасць пабудаваць сучасную дзяржаву для мірнага і забяспечанага жыцця многіх пакаленняў немцаў.

    "Сёння Германія займае асаблівае месца на палітычнай карце свету, падтрымлівае развіццё і прагрэс, уносіць вялікі ўклад у вырашэнне глабальных і рэгіянальных праблем, - гаворыцца ў віншаванні. - Нягледзячы на складаную гістарычную спадчыну, Берлін з'яўляецца для Мінска важным партнёрам. Нашы краіны аб'ядноўваюць шматлікія сувязі і разнастайныя сумесныя праекты, якія садзейнічаюць пашырэнню эканамічных і гуманітарных кантактаў, умацаванню ўзаемнага даверу і бяспекі".

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вельмі разлічвае на аднаўленне сумеснай работы па розных напрамках у перыяд старшынства ФРГ у Савеце ЕС у другой палове 2020 года.

    Прэзідэнт Беларусі пажадаў Франку-Вальтэру Штайнмаеру здароўя і поспехаў у палітычнай дзейнасці, а жыхарам Германіі - мірнага неба і салідарнасці.