Віншаванне Эмамалі Рахмону з перамогай на выбарах Прэзідэнта Таджыкістана

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Эмамалі Рахмона з перамогай на выбарах Прэзідэнта Таджыкістана.

    "Ваша перавыбранне стала сведчаннем высокага даверу з боку жыхароў краіны і эфектыўнасці палітыкі, праводзімай пад вашым умелым кіраўніцтвам. Таджыкістан упэўнена рухаецца па шляху развіцця, дэманструючы прагрэс ва ўсіх ключавых сферах", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у далейшым плённым усебаковым супрацоўніцтве ў імя ўмацавання братэрскіх адносін народаў Беларусі і Таджыкістана. "Узаемадзеянне паміж Мінскам і Душанбэ дынамічна развіваецца ў фармаце стратэгічнага партнёрства. Рэалізуюцца перспектыўныя праекты ў гуманітарнай і гандлёвай сферах", - адзначыў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў Эмамалі Рахмону моцнага здароўя, дабрабыту, вялікіх поспехаў на адказнай пасадзе. "Упэўнены, што вашы аўтарытэт, бясцэнны жыццёвы і палітычны вопыт, адданае служэнне Айчыне дадуць магчымасць паспяхова рэалізаваць усё задуманае на карысць працвітання дружалюбнага таджыкскага народа", - падкрэсліў беларускі лідар.