Віншаванне двухразовай алімпійскай чэмпіёнцы Кацярыне Карстэн з юбілеем

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў двухразовую алімпійскую чэмпіёнку, старшага трэнера нацыянальнай каманды па акадэмічным веславанні Кацярыну Карстэн з юбілеем.

    "Дзякуючы таленту, мэтанакіраванасці і велізарнай працавітасці сціплая дзяўчынка з невялікай беларускай вёскі стала сапраўднай легендай сусветнага акадэмічнага веславання, сабраўшы за два дзесяцігоддзі ўнікальную калекцыю ўзнагарод, у тым ліку два залатыя медалі Алімпіяд. Пры гэтым засталася такім жа добразычлівым і пазітыўным чалавекам, патрыётам Беларусі і сваёй малой радзімы", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння спартсменка перадае майстэрства і каласальны вопыт юным атлетам, займаецца папулярызацыяй здаровага ладу жыцця і алімпійскага руху.

    "Упэўнены, што і далей Вы таксама сумленна будзеце служыць Рэспубліцы Беларусь і зробіце ўсё магчымае для адраджэння пераможных традыцый беларускага акадэмічнага веславання", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў Кацярыне Карстэн моцнага здароўя, шчасця і поспехаў.