Віншаванне члену нацыянальнай каманды Беларусі па плаванні Аляксандры Герасімені

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды Беларусі па плаванні Аляксандру Герасіменю з заваяваннем бронзавага медаля на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра.

    "Ты малайчына! Мы ўсе ганарымся табой! Праз чатыры гады ты вярнулася на алімпійскі п'едэстал і сваім яркім выступленнем запаліла сэрцы ўсіх беларускіх балельшчыкаў. Мы да апошняй хвіліны верылі ў цябе, і ты не падвяла!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што працавітасць, мэтанакіраванасць і сіла волі Аляксандры Герасімені стануць дастойным прыкладам для юных беларускіх плыўцоў, якія яшчэ толькі мараць аб пакарэнні алімпійскага п'едэстала.

    Прэзідэнт пажадаў спартсменцы моцнага здароўя, выдатнага настрою і далейшых перамог у спорце і ў жыцці.