Віншаванне асабоваму складу і ветэранам 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў асабовы склад і ветэранаў 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады з паўвекавым юбілеем з дня ўтварэння.

    "Нязменна дэманструючы высокі прафесіяналізм, майстэрства і выдатную палявую вывучку, асабовы склад брыгады эфектыўна выконвае задачы па забеспячэнні ваеннай бяспекі нашай дзяржавы, паспяхова асвойвае і эксплуатуе самыя перспектыўныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі, у тым ліку гонар айчыннага абаронна-прамысловага комплексу - рэактыўную сістэму залпавага агню "Паланэз", - гаворыцца ў віншаванні.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што агнявая моц і інтэлектуальны складнік сучасных рэактыўных сістэм пастаянна расце, як роля ракетных войскаў і артылерыі ў вядзенні сучасных войнаў, што робіць службу ў воінскай часці ганаровай і значнай, пры гэтым патрабуе ад кожнага салдата і афіцэра асаблівых якасцей, дысцыпліны і адказнасці.

    "Упэўнены, што вы гэта добра разумееце, як і тое, што незалежнасць Беларусі, яе тэрытарыяльная цэласнасць і мірнае жыццё народа - гэта тыя каштоўнасці, якія заўсёды павінны быць пад надзейнай абаронай", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт падзякаваў за ратную працу ветэранам і асабоваму складу брыгады, пажадаўшы ім добрага здароўя, шчасця і новых поспехаў у службе на карысць Рэспублікі Беларусь.