Віншаванне Антоніу Гутэрышу з перавыбраннем на пасаду Генсакратара ААН

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Антоніу Гутэрыша з перавыбраннем на пасаду Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

    "У час свайго першага тэрміну дзейнасці вы прадэманстравалі выключныя прафесійныя і асобасныя якасці, якія садзейнічалі кансалідацыі намаганняў сусветнай супольнасці ў вырашэнні сучасных міжнародных праблем", - гаворыцца ў віншаванні.

    Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што ў XXI стагоддзі чалавецтва ўсё яшчэ сутыкаецца з пытаннямі забеспячэння міру і бяспекі, барацьбы са злачыннасцю і несправядлівасцю. "Асобнае месца ў міжнародных адносінах займае выкарыстанне аднабаковых прымусовых мер як сродкаў палітычнага націску і ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў. Беларусь выступае катэгарычна супраць такой дэструктыўнай практыкі і спадзяецца на большую ўвагу механізмаў ААН да справы процістаяння незаконным санкцыям", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што прыхільнасць Антоніу Гутэрыша да комплекснага ўрэгулявання надзвычайных сітуацый, яго нязменная нацэленасць на канкрэтны вынік і прынцыповы непрадузяты падыход стануць неабходнымі ўмовамі для дасягнення кампрамісных рашэнняў і падтрымкі доўгатэрміновага міру.