Віншаванне Анджэю Дуду з выбраннем на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Польшча

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Анджэя Дуду з выбраннем на чарговы тэрмін на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Польшча.

    "Выбар дзясяткаў мільёнаў палякаў, які забяспечыў пераможны вынік галасавання, пераканаўча сведчыць аб падтрымцы народам курсу на ўмацаванне польскай дзяржавы, павышэнне дабрабыту і бяспекі яе грамадзян", - гаворыцца ў віншаванні. 

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што разлічвае на далейшае ўмацаванне заснаваных на даверы і павазе добрасуседскіх адносін і канструктыўнага супрацоўніцтва паміж Мінскам і Варшавай ва ўсіх галінах узаемнага інтарэсу. 

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў Анджэю Дуду плённай працы на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе, а жыхарам Польшчы - міру, грамадзянскай згоды і хуткага пераадолення часовых цяжкасцей.