Віншаванне аграрыям Гродзенскай вобласці
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў аграрыяў Гродзенскай вобласці з завяршэннем уборачнай кампаніі.
"Па добрай шматгадовай традыцыі Гродзеншчына - лідар краіны па ўраджайнасці збожжавых. Абласны каравай - 2020 важыць амаль 1,7 мільёна тон, ён пацяжэў больш як на 200 тысяч тон у параўнанні з мінулагоднім. І няхай з-за нарастаючай пандэміі каранавіруса ўсе ўрачыстасці "Дажынак" рэгіёна перанесены на будучы год, сяляне Гродзенскай вобласці заслугоўваюць самых цёплых слоў удзячнасці за сваю нялёгкую працу. Ваша шчырае служэнне роднай зямлі - аснова дабрабыту народа і харчовай бяспекі дзяржавы", - гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што і ў далейшым адданасць прафесіі, гаспадарскі падыход да хлебнай нівы і вытворчая дысцыпліна дадуць магчымасць аграрыям рэгіёна дасягнуць новых рэкордных паказчыкаў.