Віншаванне з Днём Еўразійскага эканамічнага саюза

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Старшыню Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, Прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, членаў ВЕЭС - прэзідэнтаў Расіі, Казахстана і Кыргызстана Уладзіміра Пуціна, Касым-Жамарта Такаева, Садыра Жапарава - з Днём Еўразійскага эканамічнага саюза.

    "За дзесяць гадоў свайго існавання ЕАЭС пераканаўча даказаў запатрабаванасць і эфектыўнасць. Сёння Саюз з'яўляецца важным рэгіянальным інтэграцыйным аб'яднаннем, якое забяспечвае цеснае эканамічнае ўзаемадзеянне дзяржаў-удзельніц на аснове раўнапраўя і партнёрства", - адзначыў у віншаваннях Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць: "Далейшае пашырэнне дзейнасці арганізацыі, якая зарэкамендавала сябе як унікальная дыялогавая пляцоўка, дасць магчымасць паспяхова вырашаць маштабныя задачы, замацаваныя ў Дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе, унясе важкі ўклад у сумеснае процідзеянне знешнім выклікам".

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім здароўя, сіл і энергіі для дасягнення высокіх мэт. "Буду рады прадаўжэнню нашага канструктыўнага супрацоўніцтва", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.