Віншаванне з 90-годдзем Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў асабовы склад і ветэранаў Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі з 90-годдзем з дня яе ўтварэння.
"За гэтыя дзесяцігоддзі, напоўненыя важнымі гістарычнымі падзеямі, супрацоўнікі ДАІ незалежна ад абставін паспяхова вырашалі ўсе задачы па забеспячэнні бяспекі на дарогах краіны і прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер аўтаінспектарам на службе дапамагаюць сучасныя тэхнічныя сродкі, праграмнае забеспячэнне і разнастайныя базы даных. "Але самым каштоўным рэсурсам заўсёды былі і застаюцца супрацоўнікі, добра падрыхтаваныя ў прафесійным плане, здольныя да самаахвяравання дзеля бяспекі нашых грамадзян", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ад умелых дзеянняў супрацоўнікаў ДАІ шмат у чым залежыць далейшае павышэнне культуры ваджэння вадзіцеляў і адказнасці пешаходаў, і як вынік - зніжэнне колькасці ДТЗ.
Прэзідэнт падзякаваў усяму асабоваму складу і ветэранам Дзяржаўтаінспекцыі за бездакорную службу, вернасць прысязе і пажадаў ім і іх блізкім моцнага здароўя, шчасця і мірнага неба над галавой.
"Цвёрда ўпэўнены, што кожны вартавы беларускіх дарог і ў далейшым прыкладзе ўсе намаганні для ўзорнага выканання сваіх абавязкаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.