Віншаванне з 70-годдзем з дня ўтварэння Мінскага навукова-даследчага прыборабудаўнічага інстытута

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў кіраўнікоў, работнікаў і ветэранаў ААТ "Мінскі навукова-даследчы прыборабудаўнічы інстытут" з 70-годдзем з дня ўтварэння.

    "Створанае ў першае дзесяцігоддзе пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прадпрыемства - прыклад мірнага працоўнага подзвігу народа-пераможцы, - гаворыцца ў віншаванні. - Паспяхова асвоіўшы ў пасляваенны час шырокі асартымент прыбораў, сродкаў вымярэння і іншай радыёэлектроннай апаратуры рознага прызначэння, супрацоўнікі і рабочыя інстытута заклалі магутную аснову тэхналагічнага і інавацыйнага развіцця нашай дзяржавы".

    Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за высокі прафесіяналізм і адданасць справе ветэранам вытворчасці і ўсім, хто працуе цяпер, захоўваючы традыцыі і імідж прадпрыемства, якое стала флагманам у галіне крытычных тэхналогій распрацоўкі вымяральнай тэхнікі, вядомай далёка за межамі Беларусі.

    "Распрацоўваючы і выпускаючы сучасныя рухомыя інфармацыйныя, радыётэлевізійныя цэнтры, сродкі тэхнічнай абароны інфармацыі, інфармацыйнага проціборства, прыборы і абсталяванне для станкабудавання, ядзернай энергетыкі, касмічных сродкаў, вы развіваеце айчынную навуку, умацоўваеце эканоміку краіны, забяспечваеце нацыянальную бяспеку", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім работнікам і ветэранам прадпрыемства моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і новых поспехаў у працы на карысць Беларусі.