Віншаванне народу Швецыі з Нацыянальным Днём
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў народ Швецыі з Нацыянальным Днём.
"Працавітасць шведаў, адданасць сваёй зямлі садзейнічалі дасягненню значных поспехаў у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны і прызнанню міжнароднай супольнасцю", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што шведы і беларусы сумесна змаглі рэалізаваць шэраг ініцыятыў у розных галінах, а сапернічалі толькі на спартыўных пляцоўках.
"Ваш народ некалькі стагоддзяў аддаваў свой голас за мірнае нейтральнае развіццё сваёй дзяржавы. Упэўнены, ніякім чынам нельга дазволіць некаторым "добразычліўцам" прывесці наш рэгіён да новай мілітарысцкай катастрофы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Спадзяюся, шведы ўжо ў хуткім часе вернуцца на шлях мірнага суіснавання з усімі суседзямі, што адпавядае нашым сапраўдным агульным інтарэсам".
Прэзідэнт Беларусі пажадаў дружалюбнаму народу Швецыі шчасця, міру і працвітання.