Віншаванне народу Харватыі з Днём дзяржаўнасці

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Харватыі з нацыянальным святам - Днём дзяржаўнасці.

    "На працягу стагоддзяў і беларусы, і харваты нястомна змагаюцца за самастойнасць сваёй зямлі, пры павазе да мінулага і шчырай надзеі на будучыню адстойваюць права на суверэнітэт, свабоду і самабытнасць. Абедзве рэспублікі добра разумеюць, якім няпростым можа быць шлях да набыцця незалежнасці і якія намаганні патрабуюцца для яе захавання", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што сумесная канструктыўная дзейнасць, рэалізацыя беларуска-харвацкіх праектаў у розных сферах падкрэсляць лепш за любыя словы накіраванасць двух народаў да мірнага суіснавання і стваральнай працы.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў жыхарам Харватыі дабрабыту, згоды і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.