Віншаванне Ёверы Кагута Мусевені з перавыбраннем на пасаду Прэзідэнта Уганды

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Ёверы Кагута Мусевені з перавыбраннем на пасаду Прэзідэнта Уганды.

    "Вынікі народнага волевыяўлення сталі пацвярджэннем Вашага вялікага аўтарытэту і падтрымкі выбранага Вамі шляху развіцця краіны", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Мінск разглядае Кампалу як надзейнага партнёра на Афрыканскім кантыненце, і адзначыў паступальнае пашырэнне адносін дзвюх краін. Прэзідэнт разлічвае, што сумеснымі намаганнямі ўдасца надаць моцны імпульс двухбаковаму ўзаемадзеянню.

    "Лічу прынцыпова важным пачатак работы Сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і правядзенне ў бліжэйшы час яго першага пасяджэння. Упэўнены, што дзейнасць гэтага механізма будзе садзейнічаць канкрэтным вынікам у інтарэсах абедзвюх дзяржаў, уключаючы рэалізацыю праектаў механізацыі сельскай гаспадаркі, забеспячэння харчовай бяспекі, прамысловай кааперацыі, падрыхтоўкі кадраў і ў іншых галінах", - падкрэсліў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў Ёверы Кагута Мусевені здароўя і поспехаў на адказнай пасадзе, а народу Уганды - дабрабыту і згоды пад яго плённым кіраўніцтвам.