Зацвярджэнне рашэння на ахову Дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2022 годзе

  • 11
  • 9:16

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову Дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2022 годзе.

"Мінулы год для нашых пагранічных войскаў быў цяжкім. Сітуацыю мінулага года яшчэ давядзецца прааналізаваць вельмі сур'ёзна, з пункту гледжання і станоўчага, і адмоўнага, але мае адчуванні (яны мяне рэдка падманваюць), што ўпершыню за чвэрць стагоддзя пагранічныя войскі былі на вастрыі і ўпершыню, шчыра скажу, былі правераны на сапраўднай мужчынскай рабоце і не падвялі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў удзячнасць беларускім пагранічнікам, адзначыўшы, што яны круглыя суткі знаходзяцца на баявым пасту і гатовы да аператыўнага рэагавання на ўзнікаючыя пагрозы. "Ім не трэба аб'яўляць трывогу - яны працуюць, як па трывозе. Заўсёды працавалі, таму што мы не ведаем, што ў кожную мінуту, гадзіну здарыцца на граніцы. Таму нашы пагранічнікі ў поўнай баявой гатоўнасці. Так было, так ёсць і так будзе заўсёды. Малайцы. Пры ўсіх складанасцях, якія наваліліся на іх у мінулым годзе, яны з гэтымі праблемамі справіліся", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Зразумела, бяспека нашай дзяржавы пачынаецца з граніцы, таму што ў рамках гэтых граніц забяспечваецца наш суверэнітэт. Асноўны ўклад у забеспячэнне суверэнітэту ў мірны перыяд і дзейсная работа забяспечваюцца пагранічнымі войскамі", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў 2021 годзе з-за наплыву бежанцаў і канцэнтрацыі войскаў суседніх краін уздоўж беларускіх граніц пагранічнікам давялося быць больш пільнымі, удзельнічаць у разведвальных мерапрыемствах разам з ваеннаслужачымі Узброеных Сіл і супрацоўнікамі Камітэта дзяржбяспекі. "Шмат цяпер размоў наконт нашых паўднёвых граніц. Абстаноўка ўвесь час ускладняецца. Пераводзяць стрэлкі на нашы сумесныя вучэнні з Расійскай Федэрацыяй", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Літаральна суткі таму да мяне давялі пагражальную пазіцыю Дзярждэпа ЗША. Прыехалі да нашых дыпламатаў у Нью-Ёрку і пагражаюць нам: ды калі вы дазволіце Пуціну і Расіі, дазволіце гэта, тое, то мы ўвядзём санкцыі. Калі вы гэту ядзерную зброю вернеце ў Беларусь, будзе тое і гэта. Разумееце, ментарскі нейкі тон у адносінах да Беларусі, - заўважыў беларускі лідар. - Дык вось я хачу звярнуць іх да таго, што я сказаў у Лунінцы. Думаю, не трэба нічога тут дабаўляць. Нам не трэба ніякай вайны. Але гэтыя ж амерыканцы рукамі палякаў, латышоў і самі асабіста падштурхоўваюць нас да гэтых вось дзеянняў. Мы былі донарам бяспекі ў рэгіёне. Нас заўсёды цанілі за гэта. Навошта вы нас у 2020 годзе штурхаеце і робіце агрэсарамі. Па іх тэрміналогіі. Навошта гэта патрэбна было? А сёння яны нам пагражаюць".

"Слухайце, нам ужо горш не зробіш. Але калі вы хочаце нас наогул паставіць на грань бездані, ну вы ведаеце, як мы будзем на гэта адказваць. Таму ў кантэксце развіцця сітуацыі вакол нас, тут у рэгіёне, і вашынгтонскага абкама нам лягчэй не будзе, нам давядзецца абараняць рубяжы нашай краіны так, як належыць. І мы гэта ўмеем рабіць, мы гэта зробім. І я ў гэтым нават не сумняваюся", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Захаду і, у прыватнасці, Еўрасаюзу трэба ў першую чаргу звярнуць увагу на свае дзеянні. "Навошта Еўрапейскі саюз згарнуў супрацоўніцтва па лініі пытанняў граніцы? Яны ж згарнулі гэта супрацоўніцтва. Гэта ж не мы пайшлі на гэту эскалацыю адносін. Мы проста па факце рэагавалі. Таму дзейнічаць будзем у інтарэсах нашай дзяржавы, што б нам ні гаварылі, як бы нас ні палохалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я ніколі не апускаўся да таго ўзроўню, каб палемізаваць са сваімі праціўнікамі і сапернікамі, але сёння, атрымаўшы агляд, я са здзіўленнем прачытаў тое, што ў нас "адбылася акупацыя Беларусі". Я як галоўнакамандуючы неяк не заўважыў. Можа, вы мяне не праінфармавалі, што тут у нас ажыццёўлена "акупацыя Беларусі"? - з іроніяй пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка ў Старшыні Дзяржпагранкамітэта Анатоля Лапо.

Прэзідэнт адзначыў, што ў апазіцыйных СМІ пастаянна мусіруюць тэму беларуска-расійскіх вучэнняў, падлічваючы, колькі ваеннаслужачых з Расіі прыбудзе ў Беларусь. Прычым вучэнні там называюць "планам акупацыі". З такой фармулёўкай, у прыватнасці, выступіў Зянон Пазняк. Паводле яго заявы, у Беларусь прыбудуць сотні вагонаў ваеннай тэхнікі з Расіі, якія паставяць тэхніку і 100 тыс. салдат.

"Я рэдка называю прозвішчы, але звяртаюся да слоў Зянона Станіслававіча не таму, што ён для нас нейкі ўзор. Гэта антыпод нашай палітыкі. Але я яго вельмі добра ведаю, як і ён мяне. Чалавек не дурны, разумее ўсё. Усе збеглыя нашы далёкія ад яго ў плане разумення", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на спробы палітыка, які пакінуў Беларусь, спекуляваць на тэме вучэнняў з Расіяй і па-свойму інтэрпрэтаваць факты: "Слухайце, 200 чыгуначных саставаў - гэта ніколі не ўмесціцца. Гэта ж элементарна палічыць, нават калі ты не ведаеш, што такое армія".

"Але справа не ў гэтым. Я падумаў: дзе ж ты быў, барацьбіт за суверэнітэт і незалежнасць, у 2020 годзе, калі нас вось-вось гатовы былі акупіраваць? Чаму тады не абараняў суверэнітэт і незалежнасць? Дзе ты быў? І самае галоўнае, я ўжо звяртаюся да тых, хто, прачытаўшы гэта і пачуўшы гэта ў Беларусі (а гэта частка нашага грамадства, частка дзяржавы, дзе я з'яўляюся Прэзідэнтам), і для Зянона хачу сказаць: ніколі, ніколі, прынамсі пакуль я Прэзідэнт і вы генералы, мы не дапусцім акупацыі Беларусі. Гэтага не будзе ніколі ні з якога боку. Ні злева, ні справа, ні з захаду, ні з усходу, ні з поўначы, ні поўдня. Ніколі. Мы памром, але гэтага не дапусцім. Таму не трэба спекуляваць на гэтай тэме", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь і Расія даўно аб'явілі аб планах правесці сумеснае вучэнне. Гэта рэгулярныя мерапрыемствы для армій абедзвюх краін: у 2021 годзе прайшло вучэнне "Захад", у гэтым годзе манеўры пройдуць у тым ліку на паўднёвых граніцах Беларусі. "Гэта яшчэ для нас важна, таму што нам давядзецца там разгарнуць цэлы кантынгент беларускай арміі. Аб гэтым і ў Лунінцы гаварылі. І тут гэта не звязана ні з якой акупацыяй. Мы проста хочам абараніць нашу паўднёвую граніцу. А такім палітыкам трэба звярнуць увагу на канцэнтрацыю войскаў не толькі на граніцы Латвіі, Літвы, Польшчы, але і Украіны. Не мы першымі пачалі звяртаць увагу на паўднёвую нашу граніцу. Украінцы пачалі сцягваць туды войскі. Не разумею, навошта", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.