Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 27

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер дзейнасці.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў важнасць таго, што цырымонія ўзнагароджання адбылася напярэдадні свята Першамая.

Звяртаючыся да ўзнагароджаных, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Ваш вопыт і адоранасць далі магчымасць дасягнуць вяршынь у вашай прафесіі і прынесці нашай краіне вялікую карысць у многіх сферах".

Сярод узнагароджаных - работнікі вытворчасці, будаўнікі, ваенныя, дзеячы культуры, навукі і адукацыі, дзяржаўныя служачыя, спартсмены. Усе - спецыялісты самага высокага ўзроўню, чыё майстэрства і выдатныя асабістыя якасці заслужылі павагі. Сярод лаўрэатаў таксама кіраўнікі буйных прамысловых прадпрыемстваў, будаўнічых арганізацый і навуковых аб'яднанняў. На іх рахунку важкія дасягненні і поспехі ў нарошчванні вытворчага і інавацыйнага патэнцыялу Беларусі.

Як падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі, з дапамогай найноўшых распрацовак Інстытута парашковай металургіі палепшаны якасць, канкурэнтаздольнасць і надзейнасць прамысловай прадукцыі. У магутным навукова-вытворчым аб'яднанні "Цэнтр" створана і асвоена шырокая наменклатура тэхналагічнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай галін.

ААТ "Мостаатрад № 425" з Віцебска асвоіла перадавыя тэхналогіі будаўніцтва і рамонту мастоў, што дало магчымасць выйсці на новы ўзровень у гэтай сферы.

На працягу апошніх гадоў павялічыліся аб'ёмы вытворчасці і продажу тэхнікі на БелАЗе. Толькі за мінулы год экспарт прадукцыі ў краіны далёкага замежжа павялічыўся амаль у паўтара раза. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэты поспех трэба пацведзіць і ў бягучым годзе.

Сярод узнагароджаных - вялікая група ваенных, служба якіх заслугоўвае падзякі. "У выніку вашай дзейнасці Беларусь значна ўзмацніла свой абаронны патэнцыял, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вы робіце вельмі вялікую справу, ад якой залежыць мір, спакой і дабрабыт нашых грамадзян, усяго нашага грамадства, суверэнітэт і незалежнасць краіны".

Высокіх званняў удастоены сёння дзеячы культуры.

"Павінен адзначыць, што цяпер гэта сфера ў Беларусі актыўна развіваецца. Рэалізаваны маштабныя праграмы музычнага і тэатральнага мастацтва. У культурнае жыццё краіны ўвайшлі буйныя праекты і міжнародныя фестывалі. Многія з вас выхавалі плеяду таленавітых акцёраў і выканаўцаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім новых дасягненняў і поспехаў на карысць Айчыны.