Уручэнне дзяржаўных узнагарод работнікамрозных прафесійных сфер

  • 22

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў высокія дзяржаўныя ўзнагароды работнікам розных сфер.

Прэзідэнт асабліва адзначыў заслугі беларускіх вучоных, падзякаваўшы ім за няспынны інтэлектуальны пошук і ўменне вырашаць самыя складаныя практычныя задачы. У прыватнасці, высокіх дзяржаўных узнагарод удастоены прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кіраўнікі яе структурных падраздзяленняў і інстытутаў за развіццё перспектыўных інавацыйных напрамкаў, такіх, як нанаматэрыялы, біятэхналогіі, новыя методыкі ў медыцынскай сферы. "Не засталіся без увагі і вышэйшыя навучальныя ўстановы, размешчаныя ў рэгіёнах краіны, у якіх разам з навучаннем студэнтаў актыўна вядзецца навукова-даследчая работа", - адзначыў беларускі лідар.

"Поспехі беларускай навукі прызнаны далёка за межамі нашай краіны. Але галоўнае: вынікі адкрыццяў вучоных знаходзяць прымяненне ў самых розных галінах айчыннай народнай гаспадаркі і прыносяць рэальную карысць Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў дзяржузнагароды службовым асобам, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі і правядзенні аднаго з найбольш значных мерапрыемстваў бягучага года - чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. "Спаборніцтва такога маштабу наша дзяржава прымала ўпершыню. Гэта быў не толькі вялікі гонар для нас, але і вялізная адказнасць. Спатрэбілася нямала сіл і сродкаў, каб правесці яго на належным узроўні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што арганізацыя чэмпіянату запатрабавала зладжанай работы вельмі многіх людзей, занятых у самых розных прафесійных сферах, і вынікі іх працы па заслугах ацанілі мінчане і госці беларускай сталіцы. Беларусь змагла дастойна сустрэць удзельнікаў чэмпіянату і шматлікіх балельшчыкаў, забяспечыць іх бяспеку, камфорт і вольны час. У прыватнасці, пры падрыхтоўцы да чэмпіянату ўведзены ў эксплуатацыю 14 гасцініц, спартыўны комплекс "Чыжоўка-Арэна", добраўпарадкаваны месцы адпачынку, удасканалена гарадская інфраструктура.

У ліку ўзнагароджаных на ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі і лепшыя прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў і Генеральнай пракуратуры. У іх актыве прадухіленне правапарушэнняў, забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян, а таксама эканамічнай бяспекі Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў уклад работнікаў БЕЛТА ў развіццё сферы інфармацыйна-камунікацыйных паслуг, удасканаленне тэхнічнай базы, пашырэнне партнёрскіх сувязей з інфармагенцтвамі СНД і далёкага замежжа.

Сярод узнагароджаных таксама дзеячы культуры. "Дзякуй вам за служэнне мастацтву, за тое, што дорыце нам радасць і прыгажосць, даносіце да сваіх чытачоў і гледачоў духоўныя каштоўнасці", - сказаў Прэзідэнт у іх адрас.

На заканчэнне кіраўнік дзяржавы пажадаў усім узнагароджаным поспеху ў творчых пачынаннях, адзначыўшы, што, нягледзячы на ўжо існуючыя дасягненні, яшчэ больш работы наперадзе.