Уручэнне дзяржаўных узнагарод
- 15
У Беларусі цэняць і падтрымліваюць кожнага, хто ўносіць дастойны ўклад у агульны дабрабыт. Аб гэтым 5 мая заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час урачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод.
У пачатку мая ў краіне адзначаюцца важныя, дарагія і доўгачаканыя святы: светлы Вялікдзень, Першамай, Дзень дзяржаўнага сцяга і герба, Дзень Перамогі, які Прэзідэнт назваў самай важнай і галоўнай дзяржаўнай урачыстасцю. Па добрай традыцыі да іх прымеркавана ўручэнне высокіх дзяржаўных узнагарод і ўшаноўванне лепшых людзей краіны.
У час цырымоніі Аляксандр Лукашэнка чарговы раз падкрэсліў, што галоўнае багацце Беларусі - гэта цудоўныя людзі, якія абараняюць родную зямлю, праслаўляюць сваімі справамі маладую суверэнную дзяржаву.
Пакаленне пераможцаў - тых, хто выратаваў Радзіму ад фашысцкага зняволення, хто прынёс чалавецтву мір і свабоду, - завяшчала як зрэнку вока берагчы бяспеку краіны, адзначыў Прэзідэнт. "Мы сапраўды ганарымся тым, што Беларусь у цяперашняй трывожнай абстаноўцы па праву лічыцца кутком стабільнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У гэтым вялікая заслуга людзей у пагонах, якія забяспечваюць правапарадак і спакой у грамадстве, ахоўваюць граніцы дзяржавы, процістаяць злачыннасці, абараняючы жыццё і ўласнасць грамадзян, прадоўжыў Прэзідэнт. Лепшыя прадстаўнікі сілавых структур Беларусі ўдастоены на сённяшняй цырымоніі ордэнаў "За службу Радзіме" і медалёў "За адзнаку ў воінскай службе".
Ушаноўвалі сёння ў Палацы Незалежнасці таксама дзеячаў культуры. Гэта невыпадкова, паколькі бягучы год аб'яўлены ў краіне Годам культуры, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Таму такая ўвага ўдзелена людзям творчай сферы, якія ўносяць у жыццё прыгажосць і духоўнасць, разнастайнасць пачуццяў, што ўзвышаюць чалавека і абуджаюць у ім лепшыя якасці. Звяртаючыся да прысутных на цырымоніі дзеячаў культуры і мастацтва, Прэзідэнт адзначыў, што іх творчасць заслугоўвае ўсялякіх пахвал і атрымала шырокае прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.
На цырымоніі прысутнічалі таксама прадстаўнікі сферы адукацыі - школьныя і вузаўскія педагогі. За паспяховае ўкараненне эфектыўных методык навучальнага і выхаваўчага працэсу, якіх у многіх школах так не хапае, адзначаны высокімі ўзнагародамі дырэктары мінскіх гімназій нумар 4 і нумар 13, настаўнікі Маладзечанскай гімназіі нумар 7, Валожынскай нумар 1. За плённыя навуковыя распрацоўкі, паспяховую педагагічную дзейнасць пры падрыхтоўцы спецыялістаў узнагароджаны прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Нацыянальнай акадэміі навук.
Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў поспехі ўрачоў мінскіх гарадскіх клінічных бальніц нумар 9, нумар 10, дзіцячай нумар 3, Мінскай абласной клінічнай дзіцячай бальніцы. "Асаблівай удзячнасці і павагі заслугоўваюць лепшыя прадстаўнікі айчыннай медыцынскай сферы. Клопат аб здароўі людзей - наш нязменны дзяржаўны прыярытэт. І ў яго рэалізацыі важную ролю адыгрывае кваліфікаваная работа кожнага звяна, кожнай установы сістэмы аховы здароўя", - упэўнены Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сярод узнагароджаных ёсць прадстаўнікі і такіх сфер дзейнасці, як будаўніцтва і сельская гаспадарка, дзяржаўнае кіраванне, фізкультура і спорт. "Гэта сведчыць аб тым, што Радзіма цэніць і падтрымлівае кожнага, хто ўносіць дастойны ўклад у агульны дабрабыт. Ордэны, медалі і высокія званні гэтак жа, як пашана і павага ў грамадстве, заўсёды знаходзяць сваіх герояў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт павіншаваў прысутных са святамі і заслужанымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб яны сталі стымулам для новых працоўных поспехаў, творчых дасягненняў. Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў за цёплыя словы, якія выказвалі ўзнагароджаныя ў яго адрас, і гарантаваў, што дзяржава акумулюе і выкарыстае вынікі іх працы ў імя працвітання роднай Беларусі.