Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 21
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 28 снежня па традыцыі напярэдадні Новага года ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым працаўнікам краіны. У час цырымоніі Кіраўнік дзяржавы даў высокую ацэнку дасягненням калектываў, якія ў нялёгкіх эканамічных умовах адыходзячага года змаглі не толькі выстаяць, але і выйсці на больш высокія рубяжы ў сваёй прафесійнай дзейнасці.

"Дабрабыт Беларусі складваецца, вядома ж, з поспехаў канкрэтных людзей: рабочых, служачых, кіраўнікоў. Тых, хто не апускае рукі, не адступае перад праблемамі, а шукае шляхі іх вырашэння", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адрасаваў словы ўдзячнасці аграрыям, якія, нягледзячы на працяглую засуху, змаглі забяспечыць харчовую бяспеку народа, будаўнікам, якія прымалі ўдзел у рэалізацыі шэрага праектаў прамысловага і сацыяльнага прызначэння. На цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод сабралася і вялікая група медыцынскіх работнікаў. Яны ўнеслі важкі ўклад у развіццё айчыннай аховы здароўя, прапанавалі новыя метады дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння сур'ёзных захворванняў, якія сёння дапамагаюць вярнуць здароўе і падарыць паўнацэннае жыццё тысячам і тысячам пацыентаў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

У час цырымоніі Кіраўнік дзяржавы спыніўся на тэме няпростай абстаноўкі ў свеце, калі на планеце ўспыхваюць усё новыя ачагі канфліктаў, не слабее напружанне ў адносінах паміж краінамі і народамі. "У тым, што на нашай зямлі свята ахоўваюцца мір, законнасць і грамадская згода, вялікая заслуга прадстаўнікоў сілавых структур", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Невыпадкова ўзнагарод сёння былі ўдастоены ваеннаслужачыя, якія ўнеслі прыкметны ўклад у забеспячэнне абараназдольнасці краіны, ахову дзяржаўных граніц, падрыхтоўку маладога пакалення салдат і афіцэраў.

Звяртаючыся да ўсіх удзельнікаў цырымоніі, сярод якіх былі таксама педагогі, дзеячы культуры, спорту Аляксандр Лукашэнка пажадаў, каб узнагароды сталі для іх чарговай вяхой на шляху да новых здзяйсненняў. Прэзідэнт заклікаў выхоўваць сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы і сапраўдных патрыётаў нашай краіны, тварыць на карысць Айчыны. "Вашы дасягненні дапамагаюць нам з надзеяй глядзець у будучыню. Паколькі вы на ўласным прыкладзе даказалі, што цярпенне, праца, вернасць свайму прызванню мацнейшыя за любыя абставіны", - сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка пажадаў прысутным, каб надыходзячы год прынёс новыя перамогі ў рэалізацыі намечаных планаў, а таксама ўдачы і натхнення.