Уручэнне дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам

  • 10
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе падтрымліваць і даваць зялёнае святло толькі тым даследаванням, якія маюць вялікую навуковую каштоўнасць і рэальны эфект. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 24 сакавіка ў час уручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.

 Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі ўжо склалася добрая традыцыя - ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаць дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара лепшым вучоным краіны. Як лічыць Прэзідэнт, гэта прызнанне важнай ролі навукі ў жыцці грамадства і высокай адказнасці беларускай навуковай эліты.

"У Беларусі ступень доктара навук або званне прафесара атрымаць няпроста, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Я пастаянна нацэльваю Вышэйшую атэстацыйную камісію на тое, каб быў надзейны бар'ер для слабых і неактуальных работ".  

На думку Аляксандра Лукашэнкі, падрыхтоўка навуковых кадраў з'яўляецца адным з ключавых звёнаў у павышэнні эфектыўнасці работ даследчых калектываў. Менавіта актыўная дзейнасць дактароў навук і прафесараў - найбольш важкая характарыстыка творчага патэнцыялу навукова-даследчага інстытута або навучальнай установы.

"У гэтым плане добры прыклад паказвае сфера аховы здароўя, - заўважыў Прэзідэнт. - Апошнія гады ў нас абараняецца шмат дысертацый па медыцынскай тэматыцы. У прыватнасці, у такіх галінах, як клінічная медыцына, ваенная хірургія, анкалогія, эндакрыналогія, рэпрадуктыўнае здароўе, эпідэміялогія, медыцынская біялогія.

Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу паскорыць інавацыйнае развіццё нацыянальнай эканомікі. "Для гэтага патрабуецца больш высакакласных спецыялістаў па шэрагу прыярытэтных, запатрабаваных у рэальным сектары спецыяльнасцей, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Сярод іх біятэхналогія, мікрабіялогія, электроннае прыборабудаванне, энергетыка, хімія і тэхналогія атрымання мінеральных угнаенняў, распрацоўка і абагачэнне карысных выкапняў, вытворчасць і перапрацоўка сельгаспрадукцыі".

Таму на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара было нямала прадстаўнікоў прыродазнаўчых, тэхнічных і фізіка-матэматычных навук. Звяртаючыся да іх, Прэзідэнт адзначыў: "Важна тое, што вашы распрацоўкі запатрабаваны, яны знаходзяць практычнае прымяненне і ўжо выкарыстоўваюцца пры стварэнні новых кампазіцыйных матэрыялаў, апаратуры для перадачы, прыёму і апрацоўкі інфармацыі, у звышправадніковай нанаэлектроніцы, новых аптычных элементах".

Аляксандр Лукашэнка асаблівую ўвагу звярнуў на поспехі беларускіх вучоных-аграрыяў, якія дасягнулі добрых вынікаў у распрацоўцы сучасных сродкаў барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін.

Гуманітарную сферу на мерапрыемстве прадстаўлялі юрысты, сацыёлагі, эканамісты, мастацтвазнаўцы. "У сферы вашых навуковых інтарэсаў - вывучэнне заканамернасцей функцыянавання сучаснага грамадства і эканамічнай сістэмы, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, прымнажэнне духоўнага багацця народа. Сёння на гуманітарыяў ускладзена асаблівая місія, і яны павінны яе выканаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён лічыць, што вучоныя павінны дапамагаць маладым талентам, паказваць прыклад і перадаваць традыцыі лепшых навуковых школ, у якіх ужо заваявана вядомасць.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што 2015 год аб'яўлены Годам моладзі. "Дзяржаўная маладзёжная палітыка ўжо станоўча паўплывала на сітуацыю ў навуцы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ва ўзроставай структуры навуковых кадраў апошніх гадоў моладзь складае чвэрць. Ажыццяўляецца пастаянная падтрымка маладых таленавітых вучоных - з 2010 па 2015 год стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымалі больш як паўтысячы чалавек".

Звяртаючыся да вучоных, Прэзідэнт падкрэсліў, што большасць з іх займаюцца не толькі даследчай, але і выкладчыцкай дзейнасцю. "На вас ускладзена адказная задача вучыць і выхоўваць маладую навуковую змену. Гэта наша будучыня і вы проста абавязаны дапамагаць маладым талентам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наша моладзь здольна генерыраваць новыя ідэі, але пры гэтым неабходна мудрае настаўленне больш вопытных людзей".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму прыемна бачыць у гэтай зале маладых дактароў навук. "Пагадзіцеся, унесці важкі ўклад у навуку ва ўзросце да 40 гадоў - гэта добры прыклад для падрастаючага пакалення, - лічыць Прэзідэнт. - Дзякуючы нястомнай працы вы набылі прызнанне, павагу, прыярытэт не толькі ў сваіх калектывах, але і ў навуковай супольнасці ў цэлым".

"Быць вучоным і дасягнуць такіх поспехаў - дарагога каштуе", - перакананы Прэзідэнт.  

Аляксандр Лукашэнка не выключае, што прысутныя на сённяшняй цырымоніі змогуць у перспектыве атрымаць дыпломы членаў-карэспандэнтаў і акадэмікаў Нацыянальнай акадэміі навук.

Пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў і атэстатаў адбылася размова Аляксандра Лукашэнкі з вучонымі. У прыватнасці, гутарка ішла аб пытаннях аптымізацыі адукацыі з мэтай павышэння яе якасці. У тым ліку было закранута выкананне патрабаванняў Прэзідэнта аб больш цеснай сувязі адукацыі з вытворчасцю. "Усе новыя тэхналогіі са студэнцкай лаўкі трэба вывучаць на вытворчасці", - перакананы Кіраўнік дзяржавы. Была таксама абмеркавана тэма неабходнасці захавання ўнікальнага вопыту ваеннай медыцыны, а таксама ў цэлым ваеннай школы. Адзін з удзельнікаў сустрэчы закрануў тэму прызнання атрыманых за мяжой навуковых дыпломаў. На думку Прэзідэнта, створаная ў краіне сістэма знаходзіцца на належным узроўні і дае магчымасць засцерагчы беларускую навуку ад ілжэвучоных.

Размова Аляксандра Лукашэнкі з вучонымі атрымалася адкрытай і канструктыўнай. Кіраўнік дзяржавы ўважліва выслухаў кожнага прамоўцу і пацікавіўся яго думкай адносна вырашэння важных праблем у розных галінах на рэспубліканскім узроўні.