Уручэнне даверчых грамат пасламі замежных дзяржаў

  • 9

Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва з усімі замежнымі партнёрамі на прынцыпах павагі, шчырасці і прыстойнасці. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 студзеня, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных краін.

"Наша краіна гатова да ўзаемадзеяння з Захадам і Усходам, Поўначчу і Поўднем, калі яно грунтуецца на прынцыпах павагі, шчырасці і прыстойнасці. З улікам свайго геастратэгічнага становішча мы, як ніхто іншы, зацікаўлены ў міры, стабільнасці, неканфліктным і эфектыўным партнёрстве. Толькі шляхам раўнапраўнага дыялогу ўстараняюцца стэрэатыпы і разбураюцца пабудаваныя на іх фундаменце сцены неразумення", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за Беларуссю ўжо трывала замацаваўся статус аднаго з ініцыятараў і актыўных удзельнікаў інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. "Глыбока перакананы, што Мінск можа стаць месцам новага шырокамаштабнага дыялогу па пытаннях бяспекі дзяржаў у Еўра-Атлантыцы і Еўразіі. Мы будзем і далей ініцыіраваць міралюбівыя, аб'яднальныя праекты супрацоўніцтва. І, вядома, падтрымліваць любыя добрыя пачынанні з вашага боку", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, сёння міжнародная сітуацыя імкліва змяняецца і часта яе складана спрагназаваць, усё больш жорсткая канкурэнцыя ахоплівае сусветную эканоміку. У гэтых няпростых умовах усе дзяржавы імкнуцца выпрацаваць стратэгію процістаяння традыцыйным і новым выклікам і пагрозам. "Як паказвае практыка, рабіць гэта эфектыўней разам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Працуючы ў Беларусі, вы ўбачыце, што ў нашай краіне праводзяцца сур'ёзныя пераўтварэнні, асабліва ў эканоміцы. Увага акцэнтуецца на лібералізацыі гэтай сферы, а таксама стварэнні спрыяльнага інвестыцыйнага клімату і ўмоў для вядзення бізнесу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы прыцягваем з-за мяжы і распрацоўваем самі перадавыя тэхналогіі, пашыраем і дыверсіфікуем рынкі збыту айчыннай прадукцыі, якая славіцца сваімі высокімі стандартамі якасці".

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што вялікая ўвага ў Беларусі ўдзяляецца таксама развіццю адукацыі, навукі, медыцыны і спорту.

"Чалавечы капітал - гэта інвестыцыі ў будучыню нашай дзяржавы, залог яе поспеху і працвітання. У кожнай з названых сфер у нас назапашаны значны вопыт, якім мы можам падзяліцца з нашымі замежнымі сябрамі", - заявіў беларускі лідар.

Даверчыя граматы Кіраўніку беларускай дзяржавы ўручылі дыпламаты з Аўстрыі, Арменіі, Бахрэйна, В'етнама, Ганы, Канады, Туніса, Чарнагорыі, Чэхіі, Сальвадора.

Лукашэнка коратка ахарактарызаваў развіццё адносін з кожнай з прадстаўленых дзяржаў.

Пра Арменію

"Арменія была і застаецца для Беларусі надзейным партнёрам, з якім нас звязвае шматпланавае супрацоўніцтва, у тым ліку ў асноўных саюзах: у Еўразійскім эканамічным і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў нацэленасць на пашырэнне гандлёва-эканамічнага складніка беларуска-армянскіх адносін і гатоўнасць удзельнічаць у любых праектах, у тым ліку на тэрыторыі Арменіі, якія будуць цікавыя армянскім партнёрам.

Пра Аўстрыю

Паслядоўнае павышэнне ўзроўню і інтэнсіўнасці палітычных кантактаў з Аўстрыяй сведчыць аб новай якасці міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, лічыць беларускі лідар.

"Высока ацэньваем намаганні Вены па зніжэнні напружанасці ў Еўропе і свеце, навядзенні мастоў паміж ключавымі геапалітычнымі ігракамі. І ў гэтым падыходы нашых дзяржаў абсалютна сугучныя. Мы зацікаўлены ва ўмацаванні выгаднага і канструктыўнага супрацоўніцтва, перш за ўсё ў гандлёва-інвестыцыйнай сферы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Пра Чэхію

Міждзяржаўны дыялог Беларусі з Чэхіяй Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў як вельмі адкрыты і прагматычны, бакі рэалізуюць сумесныя эканамічныя праекты, працуюць на міжнародных пляцоўках. "Перакананы, што далейшае развіццё двухбаковага гандлю, падтрыманне цесных сувязей у культуры, навуцы і адукацыі будуць і далей служыць трывалай асновай для ўмацавання адносін паміж нашымі краінамі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пра Чарнагорыю

"У нас ёсць нямала агульных інтарэсаў, якія могуць стаць апорай для пашырэння двухбаковага парадку дня з Чарнагорыяй", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што беларускія турысты на працягу многіх гадоў адпачываюць у Чарнагорыі. "Спадзяёмся, што і вашы людзі па заслугах ацэняць цудоўную прыроду Беларусі, яе культурную і гістарычную спадчыну", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пра Канаду

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь і Канаду аб'ядноўвае не толькі любоў да хакея, але і шматгадовая дружба. Канадцы былі ў ліку тых, хто, не раздумваючы, працягнуў руку дапамогі ў цяжкі час пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

"Ваша краіна стала першай на Захадзе, хто поўнасцю адмяніў гандлёвыя абмежаванні адносна Беларусі. Гэта залог далейшага пазітыўнага развіцця ўзаемадзеяння і вельмі добры прыклад для некаторых іншых нашых партнёраў. Мы гатовы да пашырэння плённага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з Канадай ва ўсіх сферах", - заявіў беларускі лідар.

Пра В'етнам

Вельмі цесны дыялог з В'етнамам на ўсіх узроўнях садзейнічае эфектыўнаму вырашэнню актуальных пытанняў двухбаковага парадку дня, упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, сёння бакам неабходна сканцэнтравацца на забеспячэнні росту ўзаемнага гандлю і рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловасці, нафтахіміі, будаўніцтве, адукацыі, інфармацыйных тэхналогіях. Беларускія прадпрыемствы гатовы актыўна ўдзельнічаць у праграмах па развіцці транспартнай інфраструктуры, здабычы карысных выкапняў і вытворчасці прадуктаў харчавання на тэрыторыі В'етнама.

"Трэба рэалізаваць тыя дамоўленасці, якіх мы дасягнулі. І трэба быць больш актыўнымі, тым больш з улікам вашай цікавасці да супрацоўніцтва з ЕАЭС", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пра Бахрэйн

"Мы зацікаўлены ва ўсебаковым і маштабным развіцці сувязей з Бахрэйнам. Тым больш што пазітыўныя прыклады супрацоўніцтва з дзяржавамі Персідскага заліва ў нас ёсць. Неабходна актывізаваць двухбаковы гандаль, аб'ём якога цяпер, на жаль, нязначны. Прапануем бахрэйнскім партнёрам не толькі традыцыйныя тавары, але і высокатэхналагічную прадукцыю", - сказаў Прэзідэнт.

Пра Гану

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсё больш важнае значэнне для Беларусі набывае Афрыканскі рэгіён.

Што датычыцца непасрэдна Ганы, то ў сельскагаспадарчай і будаўнічай галінах гэтай краіны добра вядомы беларускія калійныя ўгнаенні і металургічная прадукцыя. "Мы бачым далейшыя перспектывы для істотнага пашырэння супрацоўніцтва, перш за ўсё ў АПК, а таксама ў прамысловай кааперацыі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Упэўнены, што Гана будзе адной з апорных кропак у Афрыцы, з якой мы пачнём больш актыўнае супрацоўніцтва і з іншымі краінамі", - заявіў Прэзідэнт.

Пра Туніс

З гэтай краінай Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным актывізаваць кантакты на ўсіх узроўнях. "Гэта дапаможа прапрацаваць новыя напрамкі ўзаемадзеяння і вывесці адносіны паміж нашымі краінамі на якасна новы ўзровень", - адзначыў ён.

Пра Сальвадор

"Беларусь разглядае Сальвадор як перспектыўнага партнёра ў Цэнтральнай Амерыцы. Мы зацікаўлены развіваць двухбаковы дыялог, узмацняць гандлёва-эканамічны складнік, пашыраць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці, уключаючы хімічную галіну, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы добра ведаем вашу краіну. Але, на жаль, адносіны ў нас яшчэ слаба развіты. Думаю, пры вашым удзеле зможам актывізавацца. Нам вельмі неабходна, каб у Амерыцы ў нас была магутная база дзяржаў, з якой мы можам супрацоўнічаць і з суседнімі краінамі".

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім дыпламатам поспехаў у выкананні іх адказнай місіі. "Разлічваю, што вашы вопыт і прафесіяналізм стануць трывалай асновай для канструктыўнага ўзаемадзеяння нашых дзяржаў, а яго практычныя вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў паслоў, каб яны, вырашаючы стратэгічныя задачы, не ўпусцілі магчымасць даведацца больш пра Беларусь, адкрыць для сябе яе прыгажосць і ўнікальнасць, у поўнай меры адчуць гасціннасць і ветлівасць народа, пазнаёміцца з культурай, гісторыяй і сучасным ладам жыцця.

"Перакананы, што мы знойдзем з вамі агульную мову. Любыя вашы ініцыятывы будуць падтрыманы. І я ўпэўнены, што мы зможам сумеснымі намаганнямі падняць нашы адносіны на больш высокі ўзровень", - падкрэсліў Прэзідэнт.