Уручэнне даверчых грамат пасламі шэрага замежных дзяржаў
- 12
Беларусь заўсёды адкрыта для канструктыўнага міжнароднага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў 5 кастрычніка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў шэрага дзяржаў.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, Беларусь мае намер заўсёды быць надзейным і паслядоўным партнёрам іншых дзяржаў.
Звяртаючыся да дыпламатаў, Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што іх дыпламатычная місія паслужыць паглыбленню і пашырэнню двухбаковых сувязей, дапаможа знайсці новыя фарматы ўзаемадзеяння. "З боку кіраўніцтва Беларусі, беларускіх міністэрстваў, устаноў, урада вы атрымаеце ўсялякую падтрымку, усю тую падтрымку, якую вы жадаеце", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў паслоў, што адносіны з дзяржавамі, якія яны прадстаўляюць, будуць і ў далейшым будавацца на аснове дружбы, узаемавыгаднага супрацоўніцтва і дзелавога партнёрства.
Прымаючы даверчыя граматы паслоў шэрага еўрапейскіх дзяржаў, Прэзідэнт выказаў надзею, што пазітыўная дынаміка, якая намецілася апошнім часам у дыялогу з ЕС, прывядзе да поўнай нармалізацыі адносін. "Мы павінны ўзняць іх на якасна новы ўзровень, які адпавядае інтарэсам абодвух бакоў", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Сітуацыя ў рэгіёне, агульныя выклікі і пагрозы патрабуюць цесных кантактаў і пошуку сумесных рашэнняў".
"Думаю, нам трэба адкінуць усялякія ўмоўнасці і сумленна, справядліва, аб'ектыўна выбудаваць нашы адносіны з ЕС, - адзначыў беларускі лідар. - Упэўнены, што нашы адносіны будуць развівацца пазітыўна".
Прэзідэнт падкрэсліў зацікаўленасць Беларусі ў пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. На яго думку, перспектыўнымі могуць стаць сумесныя інфраструктурныя праекты ў сферы транспарту, энергетыкі, іншых сфер эканомікі, а таксама ў развіцці дагаворна-прававой базы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на цікавасць з боку Беларусі ў актывізацыі ўсебаковага супрацоўніцтва з Германіяй, Аўстрыяй, Латвіяй, Кіпрам, Румыніяй, а таксама Турцыяй, В'етнамам, Пакістанам, Кыргызстанам, Саудаўскай Аравіяй, звяртаючыся да дыпламатаў гэтых краін.
Прэзідэнт заявіў, што супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі ўяўляе для Беларусі як палітычны, так і эканамічны інтарэс. Паводле яго слоў, гэты рэгіён па-ранейшаму важны як ёмісты рынак, які хутка пашыраецца. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што надзейным партнёрам Беларусі на афрыканскім кантыненце з'яўляецца Алжыр, і прапанаваў прыкласці максімум намаганняў па павелічэнні двухбаковага гандлю, пашырэнні дзелавой кааперацыі, рэалізацыі сумесных праектаў у розных галінах.