Уручэнне даверчых грамат

  • 14

Планамерная дыверсіфікацыя экспарту з'яўляецца адной з ключавых мэт эканамічнай палітыкі Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 чэрвеня, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў.

"З улікам адкрытасці беларускай эканомікі важным фактарам устойлівага развіцця нашай краіны з'яўляецца эфектыўная эканамічная дзейнасць, якая забяспечваецца збалансаванасцю ў знешнім гандлі і ўдзелам у міжнародным падзеле працы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, адной з ключавых мэт эканамічнай палітыкі Беларусі становіцца планамерная дыверсіфікацыя экспарту і раўнамернае размеркаванне гандлёвых сувязей па трох асноўных напрамках: Еўразійскім эканамічным саюзе, Еўрапейскім саюзе, а таксама партнёрах у Азіі, Афрыцы і Амерыцы. Да 2020 года Беларусь плануе выйсці на прапарцыянальныя суадносіны па кожным з гэтых напрамкаў.

Кіраўнік дзяржавы прыняў даверчыя граматы паслоў Аўстраліі, Ганы, Гвінеі, Зімбабвэ, Рэспублікі Карэя, Нікарагуа, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Польшчы, Славакіі, Судана, Філіпін, Эфіопіі і Японіі.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў падтрыманні нарастаючай дынамікі супрацоўніцтва з ЕС. "Гэты год прынёс пазітыўныя зрухі ў нармалізацыі нашых адносін з Еўрасаюзам. Безумоўна, мы зацікаўлены ў максімальным паглыбленні ўзаемасувязей з ЕС", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама бачыць вялікія перспектывы для пашырэння ўзаемадзеяння з дзяржавамі Афрыкі, у дынамічным развіцці якіх Беларусь зацікаўлена.

Яшчэ адным з прыярытэтаў у знешняй палітыцы краіны, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, па-ранейшаму з'яўляецца азіяцкі вектар.

Вялікі незадзейнічаны патэнцыял для ўмацавання супрацоўніцтва ў сферы двухбаковага гандлю ёсць і ў адносінах з Аўстраліяй.

У роўнай ступені Беларусь разлічвае на развіццё ўзаемадзеяння з краінамі амерыканскага рэгіёна. Надзейным палітычным і эканамічным саюзнікам у Цэнтральнай Амерыцы для Беларусі з'яўляецца Нікарагуа.

Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што дзейнасць дыпламатаў у Беларусі абернецца адчувальнымі вынікамі, дасць магчымасць знайсці дадатковыя нішы і рэсурсы для ўмацавання гандлёва-эканамічных кантактаў і рэалізацыі значных міжнародных праектаў. "Хачу запэўніць, што з боку беларускіх дзяржаўных органаў і нашых грамадзян вам будуць аказаны ўсебаковая ўвага і садзейнічанне, а для работы будуць створаны самыя спрыяльныя ўмовы. У гэтым вы можаце не сумнявацца", - падкрэсліў Прэзідэнт.