Уручэнне даверчых грамат пасламі замежных дзяржаў

  • 13

Фарміраванне пояса добрасуседства з'яўляецца адным з прыярытэтаў беларускай знешняй палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 красавіка, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў.

Даверчыя граматы Прэзідэнту Беларусі ўручылі паслы Анголы, Гватэмалы, Гвінеі-Бісау, Ірана, Кот-д'Івуара, Лаоса, Літвы, Мексікі, Нігерыі, Перу, Філіпін і Чылі.

Звяртаючыся да дыпламатаў, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што няпростая гісторыя навучыла беларусаў высока цаніць мір і давер, сябраваць шчыра і без каменя за пазухай. На яго думку, менавіта гэта з'яўляецца надзейнай асновай для дыялогу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. "Якія б рэгіёны вы ні прадстаўлялі, у самым сэрцы Еўропы ў асобе Беларусі вы знаходзіце прадказальнага і адкрытага партнёра. Мы не толькі гатовы да плённага ўзаемадзеяння, але і па-сяброўску заўсёды прыйдзем на дапамогу ў выпадку неабходнасці", - запэўніў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь рэалізуе любыя ініцыятывы, якія дапамогуць умацаваць сувязі паміж краінамі і пашырыць гарызонты супрацоўніцтва. "Беларусь настроена на ўзаемнае ўзбагачэнне культур і паглыбленне разумення паміж народамі. У гэтым кантэксце адным з безумоўных прыярытэтаў беларускай знешняй палітыкі з'яўляецца фарміраванне пояса добрасуседства, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Наш прынцып - не ствараць суседзям ніякіх праблем, выбудоўваць адносіны асаблівага даверу, разам пераадольваць цяжкасці".

Прымаючы даверчыя граматы ў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Літвы ў Беларусі Эвалдаса Ігнатавічуса, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь з Літвой аб'ядноўваюць агульная гісторыя, культура, каштоўнасці і традыцыі. "Нам, як кажуць, няма чаго дзяліць. У дзвюх краін шмат сумесных інтарэсаў у галіне бяспекі, гандлю, прамысловай кааперацыі. Неабходна разам выкарыстоўваць і прымнажаць існуючы транспартна-лагістычны патэнцыял. Мы гатовы зрабіць нашы адносіны ўзорам сапраўднага добрасуседства", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Разлічваем, што літоўскае старшынства ў ЕС у другой палавіне 2013 года стане перыядам актыўнай нармалізацыі беларуска-еўрапейскіх адносін", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі Літва хоча з намі супрацоўнічаць і калі Літва пазбавіцца ад нейкага там націску звонку, мы выбудуем такія адносіны, якіх ад нас хочуць нашы народы, і не толькі народы, - палітычная эліта і ў вас, і ў нас. Мы да гэтага гатовы, будзьце ў гэтым упэўнены", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Я разумею і вас, і кіраўніцтва Літвы, я ўсё разумею і бачу, але, тым не менш, трэба пакрыху неяк скідваць цяжар і аковы знешняга ўздзеяння", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь надае вялікае значэнне пашырэнню супрацоўніцтва з Лацінскай Амерыкай. Гэты напрамак стаў самастойным магутным вектарам беларускай знешняй палітыкі, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"З году ў год узаемадзеянне з лацінаамерыканскімі краінамі ахоплівае ўсё новыя сферы, напаўняецца новым зместам. У мінулым годзе агульны тавараабарот з дзяржавамі рэгіёна перавысіў $2 млрд. Паспяхова рэалізуецца шэраг маштабных праектаў у сферы нафтаздабычы, будаўніцтва, стварэння прамысловых і сельскагаспадарчых вытворчасцей, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы цяпер з упэўненасцю можам сказаць, што беларускія тавары, тэхналогіі і спецыялісты ў Лацінскай Амерыцы сталі сінонімам знака высокай якасці".

"Мы гатовы перанесці набыты вопыт работы ў вашым рэгіёне ў Мексіку, Перу, Чылі, Гватэмалу і іншыя дзяржавы. Упэўнены, што нашы краіны маюць вялікі перспектыўны патэнцыял супрацоўніцтва", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што Беларусь гатова не толькі да нарошчвання ўзаемнага гандлю з краінамі рэгіёна, але і да рэалізацыі сумесных праектаў у галіне здабычы мінералаў, будаўніцтва, лагістыкі, стварэння сумесных зборачных вытворчасцей.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, традыцыйнымі партнёрамі Беларусі з'яўляюцца і краіны Азіі. "І сёння ў нас ёсць усё, каб выйсці ў нашым супрацоўніцтве на новыя рубяжы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Прымаючы даверчыя граматы ў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Ірана ў Беларусі Махамада Рэзы Сабуры, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ў беларуска-іранскіх адносінах магчыма істотна нарасціць узровень узаемадзеяння пры адпаведным жаданні самога Ірана. "Беларусь зацікаўлена ў паспяховай рэалізацыі ўсіх сумесных праектаў з удзелам іранскага капіталу. Мы і ў далейшым будзем ствараць для гэтага неабходныя ўмовы", - запэўніў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што абедзве краіны выступаюць з блізкіх пазіцый па большасці пытанняў міжнароднага парадку дня. "Беларуска-іранскія кантакты маюць выключна мірны характар і ні ў якім выпадку не накіраваны супраць якіх-небудзь асобных краін або блокаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь таксама зацікаўлена ў актывізацыі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Лаосам і Філіпінамі, заявіў Прэзідэнт, прымаючы даверчыя граматы паслоў гэтых краін.

"Мы абсалютна задаволены вынікамі сумеснай работы па ўмацаванню ўзаемадзеяння Беларусі і Лаоса. Будзем рады прыняць у гэтым годзе ў Мінску Кіраўніка лаоскай дзяржавы для прадаўжэння дыялогу па ўсім спектры ўзаемаадносін і вызначэння новых перспектыўных праектаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі таксама высока ацэньваюць ролю Філіпін у сусветнай і рэгіянальнай палітыцы. Гэта краіна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у глабальных і рэгіянальных міжнародных арганізацыях. "Паміж намі адсутнічаюць праблемы, якія перашкаджалі б істотнаму пашырэнню ўсебаковага супрацоўніцтва", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, вялікія магчымасці ёсць і ў развіцці адносін з краінамі Афрыканскага кантынента. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы даверчыя граматы паслоў Анголы Жаакіма Аўгуста дэ Лемуша, Гвінеі-Бісау - Сека Інтчаса, Кот-д'Івуара - Бернара Тано-Бучуэ і Нігерыі - Асама Эканема Асама.

"Мы плануем далейшае паэтапнае пашырэнне сеткі нашых загранустаноў у Афрыцы. Нам ёсць што прапанаваць партнёрам з Нігерыі, Анголы, Кот-д'Івуара і Гвінеі-Бісау", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на значны патэнцыял узаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы. Так, у Беларусі выпускаецца шырокая гама прамысловых і сельскагаспадарчых тавараў, запатрабаваных на рынках афрыканскіх дзяржаў. Пачата ўжо работа па стварэнню першых сумесных вытворчасцей трактароў "Беларус", грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў МАЗ у Нігерыі. "Нігерыя - гэта тая апора на вялікім афрыканскім кантыненце, дзе мы вырашылі вельмі сур'ёзна працаваць", - сказаў Прэзідэнт.

"Беларусь таксама па праву ганарыцца дасягненнямі ў сферы навукі, адукацыі, транспарту, будаўніцтва. Я заклікаю вас актыўна выкарыстоўваць гэтыя магчымасці для павелічэння багажу міждзяржаўных сувязей ва ўсіх галінах, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы разлічваем, што з вашай дапамогай супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі атрымае значны імпульс і дасягне новых вышынь".

Звяртаючыся да замежных дыпламатаў, Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што адносіны Беларусі з дзяржавамі, якія яны прадстаўляюць, стануць дастойным прыкладам дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. "І ў гэтым можаце смела разлічваць на маю асабістую падтрымку вашых намаганняў", - сказаў Прэзідэнт.