Урачысты сход у гонар 100-годдзя ўтварэння беларускай міліцыі

  • 8

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 сакавіка ў Палацы Рэспублікі прыняў удзел ва ўрачыстым сходзе, прысвечаным 100-годдзю беларускай міліцыі. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў супрацоўнікаў і ветэранаў органаў унутраных спраў з прафесійным святам і знамянальным юбілеем, а таксама даў ацэнку цяперашняй работы праваахоўнікаў і абазначыў некаторыя задачы на перспектыву.

Ад Лютаўскай рэвалюцыі да "ліхіх" дзевяностых

Гісторыю органаў унутраных спраў Беларусі Кіраўнік дзяржавы назваў гераічным летапісам самаадданага і самаахвярнага служэння Айчыне многіх пакаленняў. "Створаная на хвалі лютаўскіх рэвалюцыйных пераўтварэнняў сямнаццатага года міліцыя справамі і ўчынкамі заваявала аўтарытэт і ўсенародную падтрымку. Яе першыя супрацоўнікі, якія вярнуліся з франтоў Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, сталі надзейнымі абаронцамі грамадзян і гразой для злачынцаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на цяжкасці і нягоды, учарашнія рабочыя, сяляне і салдаты цаной неймаверных намаганняў змаглі ўтаймаваць бандытызм, які ахапіў аслабленую грамадзянскай вайной і разрухай краіну.

Неўвядальную славу набылі супрацоўнікі міліцыі і ў час Вялікай Айчыннай вайны, у складаныя першыя пасляваенныя гады. І ў далейшым органы ўнутраных спраў Беларусі па эфектыўнасці дзейнасці заслужана называліся лепшымі ў сістэме МУС Савецкага Саюза.

"Новая вяха ў гісторыі нашай міліцыі адкрылася з утварэннем суверэннай і незалежнай Беларусі. Першыя гады яе станаўлення праходзілі ва ўмовах амаль поўнага абвалу эканомікі і дэградацыі ўсіх сфер жыцця грамадства. Прадпрыемствы спыняліся, людзі масава заставаліся без работы і сродкаў на існаванне, упершыню за многія дзесяцігоддзі, у мірны час, яны фактычна траплялі ў галечу, - адзначыў Прэзідэнт. - Плюс да гэтага разгул злачыннасці і відавочная слабасць улады - такая карціна пачатку "ліхіх" дзевяностых гадоў".

"Народу патрэбна была моцная падтрымка. І мы змаглі вярнуць упэўненасць народа ў заўтрашнім дні, забяспечыць правапарадак і адрадзіць аўтарытэт дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Парадку без прыстойнасці не бывае

Прэзідэнт адзначыў, што, пастаянна знаходзячыся ў самай гушчы паўсядзённых клопатаў краіны, міліцыя актыўна ўключылася ў вырашэнне найбольш вострых і актуальных праблем. Супрацоўнікі МУС на справе даказалі, што, абараняючы людзей, могуць дзейнічаць рашуча, зладжана, прафесійна і мужна.

"Пытанні, якія даводзіцца вырашаць вам, работнікам міліцыі, - складаныя і асаблівыя. Ад іх непасрэдна залежаць не толькі бяспека нашых грамадзян, што само па сабе вельмі важна, але і моц усёй дзяржавы, устойлівасць эканомікі і непарушнасць прававых асноў краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што работа органаў унутраных спраў у фокусе грамадскай увагі. І чым вышэйшы прэстыж МУС, тым больш важкі аўтарытэт закона і тым мацнейшая вера простага грамадзяніна ў справядлівасць.

"У вас дастаткова паўнамоцтваў для выканання задач, але і адказнасць за выкананне сваіх абавязкаў у міліцыі вялікая. Беларусы хочуць, каб у краіне быў парадак. Але парадку без прыстойнасці быць не можа. Гэта адносіцца ў першую чаргу да прафесійнай і асабістай бездакорнасці супрацоўніка міліцыі, - заявіў Прэзідэнт. - Планка гэта высокая, але кожны супрацоўнік органаў унутраных спраў павінен ведаць - абараняючы жыццё і правы людзей, вы абавязаны паважаць іх годнасць і добрае імя".

"Грамадзяне краіны павінны быць упэўнены, што яны заўсёды знойдуць у вас дапамогу і падтрымку. Што іх правы, законныя інтарэсы будуць надзейна абаронены ўсёй магутнасцю дзяржавы, сілай і ўладай, якая дадзена вам народам. Самая аб'ектыўная ацэнка для органаў унутраных спраў - гэта давер грамадзян", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што толькі лянівы не кінуў камень у бок міліцыі. "Калі штосьці дзесьці здарылася, хто вінаваты? Перш за ўсё міліцыя. Але ў гэтым ёсць вялікі плюс: гэта значыць, што ў свае цяжкія імгненні жыцця кожны чалавек бачыць дапамогу перш за ўсё з боку міліцыі", - адзначыў ён.

На думку Прэзідэнта, на крытыку супрацоўнікам органаў унутраных спраў трэба рэагаваць спакойна, нарошчваючы сваю здольнасць на справе даказваць, што яны сапраўды народная міліцыя. "Менавіта вы на пярэднім краі, менавіта вам давярае народ самае дарагое, што ў нас ёсць. Крытыкуючы, бываючы незадаволенымі, людзі разумеюць: без вас не было б той бяспекі і той краіны, якой мы сёння даражым", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У сусветных лідарах па бяспецы

Аб'ектыўна ацэньваючы работу Міністэрства ўнутраных спраў у нашы дні, можна сказаць, што беларуская міліцыя забяспечвае належны ўзровень грамадскай бяспекі ў краіне, упэўнена кантралюе адпаведную абстаноўку, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены, што айчынныя праваахоўнікі здольны папярэдзіць абвастрэнне крымінагеннай сітуацыі, абараніць грамадства і кожнага грамадзяніна ад любых злачынных замахаў.

"Госці нашай краіны не толькі не ўтойваюць захаплення ад яе прыроднай і рукатворнай прыгажосці, але і высока цэняць спакой, парадак і бяспеку на вуліцах гарадоў і вёсак. Не выпадкова Беларусь увайшла ў першую дзясятку краін па ўзроўні бяспекі жыцця. Такой ацэнкай могуць пахваліцца далёка не ўсе развітыя дзяржавы. А гэта галоўнае для жыцця любога грамадзяніна любой краіны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Але без падставы для заспакаення

Існуючыя поспехі не павінны стаць падставай для заспакаення, падкрэсліў беларускі лідар. Так, апошняе дзесяцігоддзе па-ранейшаму застаюцца актуальнымі такія негатыўныя з'явы, як карупцыя, наркабізнес, крыміналізацыя эканомікі, незаконная міграцыя і іншыя.

Некаторыя віды злачыннасці набываюць выразна выяўленую міжнародную афарбоўку і транснацыянальны характар.Адбываецца інтэграцыя дзялкоў айчыннага злачыннага бізнесу ў міжнародны гандаль наркотыкамі, нелегальны аўтабізнес. Злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій выйшлі далёка за межы Беларусі.

"Усё больш небяспечнымі становяцца злачынствы ў галіне эканомікі і фінансаў, звязаныя з ілжывым банкруцтвам, утойваннем прыбытку, ухіленнем ад падаткаў. Адкрытай застаецца праблема забеспячэння поўнай абароненасці грамадзян, іх асабістай і маёмаснай бяспекі", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Адказнасць за стабільнае развіццё краіны

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Пятым Усебеларускім народным сходам была прынята праграма далейшага развіцця краіны, і яе паспяховае выкананне патрабуе ад праваахоўных органаў рашучых захадаў па падтрыманні правапарадку і сацыяльна-палітычнай стабільнасці ў грамадстве.

"Упэўнены, што ў вас дастаткова грамадзянскай сталасці і адміністрацыйнага рэсурсу для таго, каб паставіць злачыннасці надзейную заслону. Мы з вамі гэта абавязаны зрабіць. За нас гэта ніхто не зробіць. Поспех тут непасрэдна залежыць ад дакладнасці і зладжанасці дзеянняў, ад умення аналізаваць сітуацыю і прымаць адзінае правільнае і выверанае рашэнне", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што на МУС, як і на ўсіх праваахоўных структурах дзяржавы, ляжыць адказнасць за бяспеку і стабільнае развіццё краіны.

"Ілюзій сёння быць не павінна: раскалоць наша грамадства, дэстабілізаваць абстаноўку, а тым больш аказаць на нас які б там ні было націск ні ў каго не атрымаецца. Але кожны дзень, кожны год жадаючых гэта зрабіць будзе не менш. Вы бачыце, што адбываецца вакол - свет звар'яцеў. І калі не зайздрасць, то неразуменне таго, што адбываецца ў нашай краіне, падбівае многіх да таго, каб і мы былі такія, як яны. І вось тут мы не павінны ўпасці на калені. Мы павінны ўтрымаць сваю краіну і абараніць свой народ. І я ўпэўнены, мы гэта зробім. На любыя авантуры ў нас заўсёды будзе адэкватны адказ", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.