Урачыстая цырымонія інаўгурацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • 7
  • 5:31

8 красавіка адбылася ўрачыстая цырымонія прывядзення да прысягі Аляксандра Лукашэнкі.

У прысутнасці вышэйшых службовых асоб краіны, а таксама шматлікіх гасцей Аляксандр Лукашэнка, паклаўшы правую руку на Канстытуцыю Беларусі, сказаў словы прысягі на вернасць беларускаму народу: "Уступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і абараняць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі".

Пасля падпісання акта аб прынясенні прысягі Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ўручыла Аляксандру Лукашэнку пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Беларусь пераканаўча прадэманстравала свету адзінства ўлады і народа. Аб гэтым заявіў, выступаючы на цырымоніі інаўгурацыі, нававыбраны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Прэзідэнцкія выбары сталі сур'ёзным выпрабаваннем на трываласць для дзяржавы і грамадства. І мы з гонарам яго вытрымалі - пераканаўча прадэманстравалі ўсяму свету адзінства ўлады і народа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, атрымала прававое замацаванне воля беларускага народа, якую ён выказаў самастойна і свабодна, выбраўшы свайго Прэзідэнта. "Гэта пункт адліку чарговага этапа ў развіцці нашай маладой суверэннай дзяржавы. Яе стварылі мы з вамі, усе грамадзяне Беларусі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён асабліва адзначыў, што, нягледзячы на жорсткі і грубы націск знутры і звонку, беларускі народ яшчэ раз даказаў, што яго нельга задушыць, ім нельга маніпуляваць. "Мы незалежная і гордая нацыя, у якой ёсць пачуццё ўласнай годнасці і сіла духу. Сваё права на самастойны шлях развіцця мы выпакутавалі гістарычна", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, прысягаючы на вернасць беларускаму народу, ён глыбока ўсведамляе, якую вялікую адказнасць за лёс краіны прымае на сябе. Паводле яго слоў, давер і падтрымка, аказаныя яму землякамі, з'яўляюцца для Прэзідэнта высокім гонарам. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што і ў далейшым будзе кіравацца выключна інтарэсамі беларускага народа, працаваць аддана і сумленна, аддаючы ўсе сілы без астатку на карысць Айчыны.

"Мы разам зробім так, каб жыццё нашых людзей і нашай краіны па-ранейшаму абапіралася на трывалы фундамент дабра і стабільнасці, гонару і годнасці. Каб яны была мірнай, паспяховай і шчаслівай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць кіраўнікам Расіі, краін СНД, Кітая, іншых дзяржаў, палітычным і грамадскім дзеячам і замежным грамадзянам, а таксама суайчыннікам за мяжой, якія накіравалі на яго адрас віншаванні ў сувязі з выбраннем Прэзідэнтам: "Дзякуй за тое, што вы заўсёды побач з намі. Паверце, беларусы ў даўгу не застануцца".

Аляксандр Лукашэнка таксама сардэчна падзякаваў выбаршчыкам, якія аказалі каласальную падтрымку яму асабіста і праводзімаму ў Беларусі стратэгічнаму курсу. "Гэта надае сілы і ўпэўненасць у паспяховым руху наперад", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.