Упаўнаважаныя прадстаўнікі Кіраўніка дзяржавы ў абласцях і Мінску надзелены дадатковымі правамі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 лістапада падпісаў Указ № 444, якім скарэкціраваны ўказы ад 25 жніўня 2017 года № 305 "Аб упаўнаважаных прадстаўніках Кіраўніка дзяржавы" і ад 28 сакавіка 2019 года № 125 "Аб прадстаўніках дзяржавы".
У адпаведнасці з дакументам упаўнаважаныя прадстаўнікі Кіраўніка дзяржавы ў абласцях і горадзе Мінску надзелены дадатковымі правамі, а менавіта: прысутнічаць на пасяджэннях органаў кіравання горадаўтваральных і сістэмаўтваральных гаспадарчых таварыстваў, уносіць прапановы па пытаннях, якія разглядаюцца на гэтых пасяджэннях, даваць ацэнку дзейнасці названых арганізацый на аснове аналізу эфектыўнасці іх работы. Вызначэнне пераліку такіх арганізацый ускладзена на Урад.
Указ накіраваны на ўзмацненне ролі ўпаўнаважаных прадстаўнікоў Кіраўніка дзяржавы ў абласцях і горадзе Мінску ў выпрацоўцы прапаноў па эфектыўным функцыянаванні прадпрыемстваў, якія шмат у чым вызначаюць комплекснае развіццё рэгіёнаў.