Указам Прэзідэнта зменена назва памятнай даты 22 чэрвеня

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 сакавіка падпісаў Указ № 117, якім карэкціруецца Указ ад 26 сакавіка 1998 года № 157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь".

    Назва памятнай даты зменена з "Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны - 22 чэрвеня" на "Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа - 22 чэрвеня". 

    Указ падрыхтаваны на падставе Закона ад 5 студзеня 2022 года "Аб генацыдзе беларускага народа", у адпаведнасці з якім факты ўчынення нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, нацыяналістычнымі фарміраваннямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд злачынстваў, накіраваных на планамернае фізічнае знішчэнне беларускага народа, прызнаны генацыдам беларускага народа. 

    На тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты стварылі больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. У гэтым трагічным спісе Трасцянец, Хатынь, Азарыцкая зона смерці, Чырвоны Бераг. Паводле няпоўных даных, толькі ў лагерах на тэрыторыі Беларусі загінулі амаль 1,5 млн чалавек. На тэрыторыі краіны знішчана больш за 9 тыс. населеных пунктаў. Усяго Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара.