Указ аб мерах па забеспячэнні рэжыму надзвычайнага становішча

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 402 "Аб мерах па забеспячэнні рэжыму надзвычайнага становішча".

    Дакумент распрацаваны ў мэтах рэалізацыі арт. 18 Закона "Аб надзвычайным становішчы" і вызначае парадак арганізацыі і дзейнасці камендатуры тэрыторыі, на якой уведзена надзвычайнае становішча, у выпадку яе стварэння.

    Указам вызначаны парадак утварэння і спынення дзейнасці камендатуры, яе асноўныя задачы і функцыі, правы і абавязкі службовых асоб.

    Гэты орган утвараецца для забеспячэння выканання паўнамоцтваў каменданта тэрыторыі, на якой уведзена надзвычайнае становішча, а ён, у сваю чаргу, назначаецца для ажыццяўлення адзінага кіравання сіламі і сродкамі, што забяспечваюць рэжым надзвычайнага становішча.

    На сённяшні дзень прыняцце гэтага Указа як ніколі актуальна. Гэта абумоўлена ў першую чаргу тым, што экстрэмальныя з'явы надвор'я, якія выклікаюць маштабныя крызісныя сітуацыі, адбываюцца паўсюдна і ўсё часцей. Як паказвае замежная практыка, большасць выпадкаў увядзення надзвычайнага становішча абумоўлена менавіта неабходнасцю мінімізацыі наступстваў стыхіі і забеспячэння абароны жыцця, здароўя і ўласнасці грамадзян на пацярпелых тэрыторыях. І менавіта на камендатуру ўскладзены паўнамоцтвы па арганізацыі ў крызіснай сітуацыі ўстаранення абставін, якія сталі падставай для ўвядзення надзвычайнага становішча, забеспячэння бяспекі жыцця і здароўя людзей.

    У цэлым прыняцце гэтага Указа будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці каардынацыі дзеянняў дзяржаўных органаў ва ўмовах надзвычайнага становішча.