Удзел у цырымоніі закрыцця хакейнага турніру "Алімпійскія надзеі"

  • 11

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка прыняў удзел у цырымоніі закрыцця турніру па хакеі "Алімпійскія надзеі". Кіраўнік дзяржавы цёпла прывітаў усіх удзельнікаў і адзначыў важнасць такіх спаборніцтваў.

"Такія турніры праводзім таму, што гэта аматары: яшчэ маленькія, пачаткоўцы. Можа, яны і стануць некалі прафесіяналамі ў гэтым ужо не толькі мужчынскім відзе спорту. Раней правялі "Залатую шайбу", у якой прынялі ўдзел тысячы дзяцей розных узростаў. Мы далі магчымасць усім жадаючым і тым, хто любіць хакей, паказаць сваё майстэрства. У фінале "Залатой шайбы" тады перамагла каманда "Мядзведзь", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У турніры "Алімпійскія надзеі" чатыры лепшыя каманды тых спаборніцтваў зноў скрыжавалі свае клюшкі. У "Грыфонаў" была магчымасць узяць рэванш за паражэнне ў "Залатой шайбе". Яны зрабілі гэта дастойна. Гледзячы на вас усіх, падумаў, што напэўна, будзем хутка змагацца ў фінале чэмпіянату свету. Бо пасля завяршэння выступлення за нацыянальную зборную Антоненкі, Мезіна, Стася, Міхалёва - бездань. Вы - наша надзея і не толькі алімпійская".

Прэзідэнт адзначыў гульню спартсменаў з Брэсцкай і Магілёўскай абласцей. "У Брэсце і Магілёве хакей пачынаўся на маіх вачах. Вы дастойна змагаліся з грандамі нашага дзіцячага хакея - дзвюма мінскімі камандамі", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў удзельнікаў з завяршэннем турніру, падзякаваў трэнерам за падрыхтоўку ігракоў і параіў тым, хто прайграў, не засмучацца. "Паражэнні загартоўваюць характар", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў і бацькам за падрыхтоўку дзяцей. "Без вас іх не было б тут. Ведаю, колькі працы і цярпення аднімае падрыхтоўка хакеіста. Паверце, гэта ўсё акупіцца ў сто разоў. Хлопцы вырастуць сапраўднымі патрыётамі нашай краіны", - упэўнены Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўручыў кубкі пераможцам і прызёрам спаборніцтваў, а таксама ўзнагародзіў залатымі медалямі каманду "Грыфоны". Ён таксама пажадаў усім удзельнікам турніру шчасця, поспехаў і новых перамог.