Удзел у свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў")

  • 1

Сакрэт міралюбнасці беларусаў - у беражлівым захоўванні скарбаў мінулага. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 ліпеня, выступаючы на свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў").

"Паважаць не толькі сваю культуру, але і творчыя дасягненні іншых народаў - гэта рыса беларускага нацыянальнага характару. Мы беражліва захоўваем скарбы мінулага і з задавальненнем знаёмімся з мастацтвам нашых суседзяў. Думаю, у гэтым сакрэт міралюбнасці і ўзаемаразумення, якімі славяцца беларусы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такое стаўленне да жыцця - надзейная абарона ад міжнацыянальнай, рэлігійнай варожасці і іншых дэструктыўных з'яў, якія, на жаль, ахопліваюць сёння нават самыя цывілізаваныя краіны.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў гэтым годзе на свята "Купалле" ў Александрыю прыбыла вялікая колькасць людзей. За кароткі тэрмін сціплая сустрэча землякоў на беразе Дняпра паступова ператварылася ў маштабны фестываль народнай культуры.

У цудоўным і чыстым куточку Магілёўшчыны, адзначыў беларускі лідар, магутны Днепр аб'яднаў майстроў і аматараў народнага мастацтва з Беларусі, Расіі і Украіны. Александрыя стала месцам дружалюбных сустрэч і пляцоўкай для народнай дыпламатыі.

"У гэтым годзе да нас далучыліся прадстаўнікі нашай суседняй Літвы, дзе ў канцы чэрвеня адзначаюць Янаў дзень. Спадзяюся, прыезд літоўскіх гасцей пакладзе пачатак новай традыцыі - запрашаць на наша свята прадстаўнікоў іншых краін, у якіх ёсць сваё Купалле, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта стане ўкладам Беларусі ў захаванне творчай разнастайнасці народаў планеты, умацаванне дружбы паміж народамі. Папулярнасць фестывалю ў Александрыі год ад году расце, надышоў час ставіць перад сабой высокія задачы".

На фестывалі таксама было адзначана, што ў Год культуры свята ў Александрыі набывае асаблівы сэнс. "Паколькі менавіта традыцыйная культура з'яўляецца духоўнай асновай нацыі. Яна была і застаецца невычэрпнай крыніцай натхнення і плённых ідэй, якія так патрэбны сённяшняму мастацтву, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Свята "Александрыя збірае сяброў", сапраўды народнае па сваім духу, дае магчымасць праявіць сябе сотням адораных людзей. А бачачы шчырую цікавасць гледачоў да выступленняў артыстаў і майстар-класаў умельцаў, магу меркаваць, што яркіх талентаў у нас становіцца ўсё больш".

Прэзідэнт заўважыў, што на фестывалі былі прадстаўлены не ўсе рамёствы і віды творчасці, што ёсць у Беларусі, але самае яркае прысутнічала. "Мы павінны зрабіць усё, каб гэта свята з кожным годам было ярчэйшым і ярчэйшым", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што прыязджае ў Александрыю кожны год. "Дзе б я ні лятаў, ні ездзіў - ці то ў Расіі, у Амерыцы, у Кітаі - усё роўна дарога адна, і яна вядзе цябе ў твой родны дом, на тваю родную зямлю", - сказаў на заканчэнне беларускі лідар.