Удзел у нефармальнай сустрэчы з прэзідэнтамі Расіі, Ірана і Турцыі

  • 32
  • 0:26

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лютага ў Сочы прыняў удзел у нефармальнай сустрэчы з прэзідэнтамі Расіі, Ірана і Турцыі Уладзімірам Пуціным, Хасанам Раўхані і Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.

Мерапрыемства прайшло ў фармаце чаяпіцця на тэрыторыі санаторыя "Русь".

Рабочы візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Расію супаў па часе правядзення з чарговым трохбаковым самітам па сірыйскай тэматыцы, што стала добрай магчымасцю абмеркаваць актуальныя пытанні міжнароднай праблематыкі і ў больш шырокім фармаце. Тым больш што не толькі з Расіяй, але і з Турцыяй і Іранам Беларусь звязваюць даўнія дружалюбныя адносіны як у палітыцы, так і ў плане гандлёва-эканамічнага, гуманітарнага супрацоўніцтва. Беларусь, сама маючы статус міратворчай пляцоўкі, заўсёды выступала з выразнай пазіцыяй аб неабходнасці хутчэйшага ўрэгулявання лакальных канфліктаў у свеце, процідзейнічаючы тэрарызму.

Напярэдадні ў Краснай Паляне адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, у якой прынялі ўдзел і члены ўрадаў дзвюх краін. Акрамя дзелавога фармату кіраўнікі дзяржаў шмат часу ўдзялілі нефармальнай сустрэчы, у тым ліку разам пакаталіся на горных лыжах. Лідары краін пацвердзілі прыхільнасць да саюзніцкіх адносін і выказалі ўпэўненасць, што праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць, будуць знаходзіць сваё вырашэнне. У тым ліку закраналася тэматыка гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў энергетыцы і фінансах, бакі зверылі гадзіннікі па міжнародных пытаннях.

У прэзідэнтаў Беларусі і Расіі будзе магчымасць падрабязна абмеркаваць і гуманітарную тэматыку. Адпаведная сустрэча з удзелам профільных міністраў запланавана ў Сочы 15 лютага ў час наведвання адукацыйнага цэнтра "Сірыус".