Удзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу

  • 5

Курс на паглыбленне саюзнага будаўніцтва з'яўляецца неабходнасцю і ўсвядомленым выбарам. Аб гэтым 15 сакавіка на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу заявіў Старшыня ВДС, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Дынамічнае развіццё саюзнага будаўніцтва пацвярджае нязменнасць нашага курсу на паглыбленне інтэграцыі. Гэта ўсвядомлены выбар, якому няма альтэрнатывы ва ўмовах глабальнай сусветнай эканомікі", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з дня апошняга пасяджэння ВДС прайшло ўжо больш як год, і гэты перыяд быў напоўнены напружанай работай на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, а таксама парламентаў, у цесным кантакце працавалі ўрады, істотна актывізаваўся рэгіянальны кантэкст узаемаадносін.

Прэзідэнт Беларусі, у прыватнасці, згадаў аб выніках двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва за апошнія два гады: "За гэты перыяд наш тавараабарот прыбавіў амаль $16 млрд. і наблізіўся да агульнага аб'ёму $45 млрд. (па выніках 2012 года)". "Наўрад ці такія вынікі былі б магчымы без выкарыстання рэсурсу інтэграцыйнага ўзаемадзеяння", - падкрэсліў беларускі лідар.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сучасная сітуацыя ў свеце яшчэ больш настойліва дыктуе неабходнасць дакладна бачыць прыярытэты далейшай эвалюцыі саюзнага праекта. "Нам трэба не распыляць сілы і сродкі, а мэтанакіравана канцэнтраваць іх на найбольш важных для нас, беларусаў і расіян, напрамках. Гэта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць работы Саюзнай дзяржавы ў новых умовах, аптымізаваць расходы саюзнага бюджэту на карысць падтрымкі праграм, аддача ад якіх дасць максімальна запатрабаваны вынік", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка назваў сімвалічным той факт, што цяперашняе пасяджэнне ВДС праходзіла ў Санкт-Пецярбургу, паколькі гэта яшчэ і своеасаблівая сталіца міжпарламенцкага супрацоўніцтва на прасторы СНД - тут працуюць міжпарламенцкія структуры СНД, ЕўрАзЭС і АДКБ. "Для нашай краіны Санкт-Пецярбург - не толькі надзейны і перспектыўны партнёр, але і блізкі сэрцу кожнага беларуса горад. Тут жылі і працавалі многія нашы вядомыя суайчыннікі", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Упэўнены, што канструктыўнае абмеркаванне тэм сённяшняга парадку дня дасць магчымасць нам выйсці на ўзгодненыя рашэнні. Гэта ўмацуе базіс беларуска-расійскага партнёрства, якое, як вядома, па сваёй сутнасці стала лакаматывам інтэграцыйных працэсаў на ўсёй постсавецкай прасторы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Саюзная дзяржава прадаўжае адыгрываць важную ролю ў пашырэнні інтэграцыйных працэсаў на прасторы СНД: "За гады саюзнага будаўніцтва Расіяй і Беларуссю набыты ўнікальны вопыт раўнапраўнага ўзаемадзеяння і партнёрства. Супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве прадаўжае адыгрываць важную пілотную ролю ў пашырэнні інтэграцыйных працэсаў на ўсёй прасторы СНД".

Што датычыцца задач, якія стаяць перад Саюзнай дзяржавай, то, на думку Прэзідэнта Расіі, трэба і ў далейшым выкарыстоўваць яе інтэграцыйны патэнцыял у інтарэсах павышэння дабрабыту грамадзян, устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін. "Менавіта на гэта арыентаваны парадак дня сённяшняга пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета", - адзначыў Уладзімір Пуцін.

"Мы ў пэўнай ступені многія рэчы робім пілотнымі ў сферы інтэграцыі на постсавецкай прасторы, і гэта дае свае вынікі. Гэта не проста захоўвае, а стварае рабочыя месцы ў нашых краінах, дае магчымасць нам прайсці праз даволі складаныя турбулентныя працэсы ў сусветнай эканоміцы, падтрымліваць дынаміку развіцця", - лічыць Уладзімір Пуцін.

Па выніках пасяджэння ВДС прэзідэнты падпісалі шэраг дакументаў. Сярод іх пастанова Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы аб выніках гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў 2011-2012 гадах, дэкрэт аб бюджэце Саюзнай дзяржавы на 2013 год. Таксама падпісаны пастановы аб ходзе выканання Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2012-2013 гады, аб прыярытэтных напрамках далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы, аб асноўных пытаннях да пасяджэнняў ВДС на 2013 год.

Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Аляксандр Баечка зацверджаны на пасадзе новага Старшыні Пагранічнага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Беларусь і Расія таксама заключылі міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы. Яно замацоўвае прынцыпы і механізмы сумеснага даследавання і асваення гэтага рэгіёна, прадугледжвае ажыццяўленне навукова-даследчых праграм, распрацоўку сістэмы мер па ахове навакольнага асяроддзя ў Антарктыцы, абмен спецыялістамі.

Акрамя таго, падпісана міжурадавае пагадненне аб прадастаўленні ў арэнду Рэспубліцы Беларусь зямельнага ўчастка для размяшчэння гасцявога комплексу пасольства Беларусі ў Расіі.

У сваіх заявах для СМІ кіраўнікі дзяржаў яшчэ раз пацвердзілі адзінства поглядаў адносна неабходнасці далейшага развіцця саюзнай інтэграцыі, у тым ліку ў вытворчай сферы.

"Уладзімір Уладзіміравіч сказаў аб праводзімых перагаворах у плане нашых сумесных намаганняў па развіццю ўжо існуючых вялікіх вытворчых кампаній. Я лічу, што ў гэтым годзе мы можам сказаць важкае слова і па ўсіх гэтых напрамках", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Расіі, у прыватнасці, адзначыў, што набірае абароты працэс стварэння тэхналагічных альянсаў паміж прадпрыемствамі Беларусі і Расіі. "Гэта мне бачыцца асабліва важным. Пачата фарміраванне холдынга "Расбелаўта", у які ўвойдуць лідары расійскага і беларускага аўтапрама - КамАЗ і МАЗ", - адзначыў Уладзімір Пуцін.

Поўным ходам ідзе стварэнне сумеснай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі на аснове расійскай сістэмы ГЛАНАСС з наземным комплексам кіравання ў Мінску.

Важнейшым сумесным інвестыцыйным праектам з'яўляецца будаўніцтва Беларускай АЭС. Работы на пляцоўцы па будаўніцтву станцыі ідуць з апярэджаннем графіка.

"Будаўніцтва нашай і Калінінградскай станцыі ідуць з апярэджаннем. Мы заваёўваем рынак электраэнергіі, будзем тут з расіянамі першыя, і гэта дасць нам пэўныя перавагі па ліквідацыі дэфіцыту названага прадукту ў гэтым рэгіёне. Гэта вельмі вялікая школа для нашых будаўнікоў, і мы будзем вас прасіць, каб на іншых рынках вы потым прыцягвалі беларусаў да будаўніцтва такіх аб'ектаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Бакі дамовіліся і ў далейшым у прыярытэтным парадку займацца ўмацаваннем эканамічнага партнёрства як адной з асноў Саюзнай дзяржавы. Зацверджаны бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2013 год складае амаль 5 млрд. расійскіх рублёў. "Гэта бюджэт развіцця, ён дае магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі Расіі і Беларусі. Сродкі пойдуць на фінансаванне перспектыўных праграм у сферы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, у гуманітарнай і інфармацыйнай ферах", - сказаў Уладзімір Пуцін.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Саюзнай дзяржаве разгледжаны і зацверджаны 38 праграм, якія фінансуюцца з саюзнага бюджэту. "Гэта не праграмы, каб штосьці прадаць, замяніць, а ў асноўным інавацыйныя праграмы. Гэта вялікая колькасць. Калі мы іх рэалізуем, будзе значны рух у патрэбным напрамку", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Падрабязна абмеркаваны магчымасці для нарошчвання ўзаемадзеяння ў гандлі, эканоміцы, інвестыцыйнай сферы. Прэзідэнт Расіі выказаў упэўненасць, што ў бліжэйшы час Беларусь і Расія могуць выйсці на ўзровень узаемнага тавараабароту $50 млрд.

Уладзімір Пуцін падзякаваў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку і ўсім беларускім калегам за канструктыўную работу ў ходзе праведзенай сустрэчы. "Хачу выказаць надзею, што і ў далейшым мы будзем працаваць гэтак жа паспяхова", - дадаў Прэзідэнт Расіі.

Па традыцыі пасяджэнню ВДС папярэднічала двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў дзвюх краін. На ёй абмеркаваны падыходы да вырашэння найбольш актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, вялікая ўвага ўдзелена інтэграцыйным працэсам на прасторы СНД. Праз некаторы час да кіраўнікоў дзяржаў далучыліся прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі Міхаіл Мясніковіч і Дзмітрый Мядзведзеў, а таксама дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, і перагаворы прадоўжыліся ў пашыраным складзе.

Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Уладзіміра Пуціна ордэнам Дружбы народаў за значны асабісты ўклад у развіццё інтэграцыйнага супрацоўніцтва і ўмацаванне дружалюбных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй.

Пасля завяршэння пасяджэння ВДС Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю тэлеканалу Russia Today. Інтэрв'юерам выступіла Соф'я Шэварнадзэ - вядучая праграмы Exclusive interview with Sophie Shevardnadze. Прэзідэнт адказаў на пытанні, якія датычыліся інтэграцыйнага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі ў розных фарматах, гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, унутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі і ўзаемаадносін рэспублікі з Захадам.