Удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах

  • 9

3 ліпеня, у святое для беларускага народа свята - 60-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень Незалежнасці, Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўсіх цэнтральных урачыстых мерапрыемствах.

Кіраўнік дзяржавы ўсклаў вянок да помніка Перамогі. У цырымоніі прынялі ўдзел ветэраны, вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі сілавых ведамстваў, мясцовых выканаўчых органаў, лідары прафсаюзнай і маладзёжнай арганізацый, прадстаўнікі духавенства, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Выканкама СНД, дыпламатычнага корпуса. Асобны вянок ускладзены да помніка ад імя Еўрасаюза.

Ушанаваўшы мінутай маўчання памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне, Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з ветэранамі і кіраўнікамі дыпмісій, акрэдытаваных у Беларусі. Затым прэзідэнцкі картэж накіраваўся да месца правядзення парада, які ўпершыню праходзіў каля стэлы "Мінск - горад-герой".

Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Беларусі, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыняў ваенны парад. Перад трыбунамі прайшлі ўрачыстым маршам войскі, адбыўся паказ найноўшых узораў ваеннай тэхнікі, якая ёсць на ўзбраенні ў беларускай арміі, уключаючы паветраны эшалон.

Парад войскаў прадоўжыла праходжанне тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага эскадрона, мірнай тэхнікі, якая выпускаецца на прадпрыемствах краіны. Адбылося таксама тэатралізаванае шэсце спартсменаў.

Пасля заканчэння Прэзідэнт сустрэўся з камандзірамі воінскіх часцей, якія ўдзельнічалі ў парадзе, і паразмаўляў з ветэранамі.

У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка наведаў Свята-Духаў кафедральны сабор у Мінску. Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўзнёс малітву ў памяць аб воінах, якія загінулі за веру, Айчыну, малітву за мір, спакой і працвітанне роднай Беларусі.