Удзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ
- 30
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 верасня прыняў удзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.
Сесія пачалася з пратакольных мерапрыемстваў: ля цэнтральнага ўвахода Палаца Нацыі кіраўнікоў дзяржаў сустракаў Міністр замежных спраў Таджыкістана, а ў холе Палаца іх вітаў Прэзідэнт Эмамалі Рахмон.
Пасля традыцыйнай цырымоніі фатаграфавання лідары краін і Генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась адправіліся на перагаворы ў вузкім складзе. З беларускага боку ў іх таксама ўдзельнічаў Міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
Парадак дня пасяджэння ў вузкім складзе ўключаў усяго адно пытанне, але кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шырокі спектр тэм па праблемах міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, а таксама падвялі вынікі дзейнасці арганізацыі ў міжсесіённы перыяд. Адным з самых важных пытанняў стала сітуацыя ў Афганістане.
У сваім уступным слове Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон адзначыў, што старшынства яго краіны ў арганізацыі супала з перыядам надзвычайных выклікаў і пагроз, з якімі сутыкнуўся рэгіён. "Тым не менш наша краіна пры падтрымцы партнёраў пры АДКБ паслядоўна выконвала функцыі старшыні ў адпаведнасці з агучанымі прыярытэтнымі напрамкамі", - сказаў ён.
Таджыкскі лідар выказаў удзячнасць дзяржавам - членам АДКБ за сумесную работу. Ён адзначыў, што бакам удалося ў цэлым падтрымліваць высокі ўзровень палітычнага ўзаемадзеяння і забяспечваць каардынацыю знешнепалітычных пазіцый, краіны АДКБ прадоўжылі практыку прыняцця сумесных заяў па актуальных пытаннях міжнароднага рэгіянальнага парадку дня, пашырылася міжпарламенцкае ўзаемадзеянне. "Мы змаглі завяршыць работу па прыняцці плана аснашчэння Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ. Гэта вельмі важнае дасягненне. Адпаведнае рашэнне па ім будзе прынята сёння. Падтрымліваўся высокі ўзровень гатоўнасці сіл калектыўнай бяспекі для выканання задач па прызначэнні. Гэта вельмі важна з улікам напружанай абстаноўкі ў суседнім Афганістане", - заявіў Эмамалі Рахмон.
Акрамя таго, пашырыліся кантакты з міжнароднымі арганізацыямі, АДКБ была шырока прадстаўлена на міжнародных пляцоўках. Арганізацыя таксама якасна рушыла наперад у развіцці міратворчага патэнцыялу. Ва ўсёй праведзенай рабоце вялікая роля належыць Генеральнаму сакратару АДКБ Станіславу Засю, асабліва адзначыў Прэзідэнт Таджыкістана.
У час сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што глабальная напружанасць фарміруе рызыкі сілавых варыянтаў вырашэння канфліктаў.
"На жаль, даводзіцца канстатаваць, што бягучы год не садзейнічаў паляпшэнню міжнароднай абстаноўкі. Па-ранейшаму прынцыпы і нормы міжнароднага права груба ігнаруюцца. Межы рэгіянальнай нестабільнасці пашыраюцца. Глабальная напружанасць фарміруе рызыкі сілавых варыянтаў вырашэння канфліктаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што выпрабаваннем для чалавецтва стала пераадоленне пандэміі каранавіруса, важкім фактарам бяспекі становяцца экалагічныя бедствы і неабарачальныя змяненні клімату.
"На гэтым фоне асаблівую трывогу выклікае павелічэнне ваенных расходаў у свеце і дэмантаж сістэмы кантролю над узбраеннямі. На нашых вачах рассыпаецца Дагавор па адкрытым небе. Дагавор аб мерах па далейшым скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў, па сутнасці, застаецца адзіным дзеючым пагадненнем у гэтай сферы. Адсутнасць жа канструктыўнага парадку дня ў галіне абмежавання ўзбраенняў не дабаўляе аптымізму і захоўвае ваенна-палітычную напружанасць", - заявіў Прэзідэнт.
"Актуальным фактарам ломкі сістэмы міжнародных адносін становіцца абвастрэнне канкурэнцыі Захаду з Кітаем. Для ўзмацнення свайго ўплыву ў Азіі Еўрасаюз вылучыў ініцыятыву "Глабальна злучаная Еўропа", якая, па сутнасці, з'яўляецца альтэрнатыўнай кітайскаму "Поясу і шляху", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, палітыка Еўрапейскага саюза, разам з эканамічнымі мерамі, прадугледжвае далейшае пашырэнне на ўсход нібыта эталонных "дэмакратыі і еўрапейскіх каштоўнасцей". "Якія гэта каштоўнасці і якая дэмакратыя, мы нядаўна ўбачылі на прыкладзе Афганістана, ды і не толькі", - дадаў Прэзідэнт.
"Калектыўны Захад ажыццяўляе націск на суверэнныя дзяржавы за кошт абмежаванняў, асіметрычных дзеянняў і гібрыднага ўплыву. Усё гэта адбываецца пад лозунгам барацьбы за нечыя правы. Але мы цудоўна разумеем, што сапраўдным матывам такіх мер з'яўляецца непрыкрыты лабізм сваіх эканамічных, і не толькі, інтарэсаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прычым для ўводу санкцый выкарыстоўваюцца цалкам надуманыя прычыны, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён успомніў экстранную пасадку ў Мінску самалёта Ryanair, пасля якой краіны Еўропы ўвялі забарону на выкарыстанне паветранай прасторы Беларусі і закрылі сваё неба для беларускага нацыянальнага перавозчыка - кампаніі "Белавія".
"Небяспечнай тэндэнцыяй з'яўляецца абвастрэнне абстаноўкі на заходніх граніцах АДКБ. Пашыраецца ваенная прысутнасць ЗША ва Усходняй Еўропе, нарошчваюцца баявыя магчымасці кааліцыйных фарміраванняў краін НАТА", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У гэтым годзе Паўночнаатлантычны альянс правёў серыю вучэнняў у Прыбалтыцы і Украіне. Толькі за апошнія пяць гадоў іх колькасць павялічылася больш як у два разы - да 90 вялікіх вучэнняў у год, а колькасць прыцягнутых войскаў - з 60 тыс. да 110 тыс. ваеннаслужачых.
"Усё гэта стварае ля нашых граніц умовы для ваенных правакацый і інцыдэнтаў. Пры гэтым нашы суседзі - краіны Балтыі, Польшча і Украіна - вельмі нервова рэагуюць на планавае беларуска-расійскае вучэнне "Захад-2021". Яны ўжо фактычна завяршыліся, а гвалт з тэрыторыі Захаду да гэтага часу разносіцца па ўсім свеце. Хоць гэтыя вучэнні маюць выключна абарончую накіраванасць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што вучэнне шырока асвятлялася ў СМІ, на яго заўсёды запрашаюцца міжнародныя наглядальнікі. "Аднак нашы суседзі традыцыйна гавораць пра ўяўныя пагрозы іх бяспецы. Украінскі Прэзідэнт наогул дагаварыўся да таго, што на беларуска-расійскім вучэнні будуць адпрацоўваць варыянты захопу Кіева, Адэсы, Харкава. У той жа час сама Украіна пастаянна ўдзельнічае ў натаўскіх манеўрах, якія яўна маюць неабарончую тэматыку, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Мы хоць праводзім свае вучэнні там, дзе мы размешчаны. А амерыканцы за тысячу кіламетраў прыехалі ва Украіну праводзіць вучэнні, нібыта таксама абарончыя. Ад каго яны там абараняюцца?"
"Характар міжнароднай гібрыднай пагрозы спрабуюць надаць інцыдэнтам на граніцы з бежанцамі і мігрантамі. Актыўна робяцца спробы перакласці адказнасць за міграцыйную праблему на краіны транзіту. І ўсё гэта пасля таго, што ЗША і іх саюзнікі па НАТА ўчынілі ў Афганістане і краінах Блізкага Усходу. Больш таго, паклікалі ў Еўропу афганцаў па загадзе Злучаных Штатаў Амерыкі, а цяпер адмаўляюцца іх прымаць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Адначасова, паводле яго слоў, міграцыйны крызіс стаў падставай для нарошчвання ваеннага патэнцыялу НАТА на заходніх граніцах АДКБ. Каля беларускіх граніц на пастаяннай аснове разгорнута групоўка войскаў, якая налічвае звыш 10 тыс. чалавек і больш за 500 адзінак цяжкай ваеннай тэхнікі.
"Акрамя таго, пад маркай барацьбы з нелегальнай міграцыяй у Літве з гэтага месяца выкарыстоўваюцца новыя падраздзяленні НАТА для гібрыднага ўздзеяння на нашы краіны", - заявіў беларускі лідар.
"Краіны Захаду закрываюць вочы на грубыя парушэнні ўласных абавязацельстваў у сферы правоў чалавека. Толькі за апошнія тыдні на граніцы з Польшчай, Літвой і Латвіяй практычна кожныя суткі адбываюцца інцыдэнты, у ходзе якіх перасяленцаў з Афганістана і іншых краін, напрыклад, Ірака, Сірыі, жорстка, з прымяненнем зброі, выштурхоўваюць на беларускую тэрыторыю, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Я ўжо не гавару аб тым, як яны ўнутры сваіх краін разбіраюцца са сваім уласным насельніцтвам, якое выходзіць і законна выказвае сваё меркаванне, напрыклад, наконт кавід-абмежаванняў".
Прэзідэнт падкрэсліў, што двайныя стандарты Захаду праяўляюцца і ў актыўных спробах адгарадзіцца ад міграцыйнай праблемы на заходняй граніцы АДКБ. Ужо ідзе размова аб выдзяленні на гэтыя мэты соцень мільёнаў долараў.
"Пустая, нікому не патрэбная задума. Але калі глядзець глыбей на гэту сітуацыю, можна гаварыць аб стварэнні новых раздзяляльных ліній у Еўропе з выкарыстаннем у поўным сэнсе слова калючага дроту. Фактычна замест дыялогу па вырашэнні надзённых міжнародных праблем вяртаюцца прымітыўныя падыходы часоў халоднай вайны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар адзначыў эскалацыю напружанасці вакол Афганістана. Ён звярнуў увагу, што палітычная абстаноўка ўнутры краіны характарызуецца нестабільнасцю. "У наяўнасці гуманітарны крызіс, які будзе суправаджацца цэлым спектрам негатыўных наступстваў. У тым ліку выклікамі і пагрозамі калектыўнай бяспецы АДКБ", - сказаў Прэзідэнт.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, у цяперашніх умовах АДКБ у цэлым адэкватна рэагуе на сучасныя выклікі і пагрозы, прынамсі, на бягучай стадыі.
Афганская праблематыка таксама будзе абмеркавана 17 верасня на сумеснай сустрэчы лідараў краін ШАС і АДКБ. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў цяперашняй міжнароднай сітуацыі ўзаемадзеянне дзвюх арганізацый здольна выступіць новай важкай міжнароднай платформай для сумеснага абмеркавання і рэалізацыі ўзаемавыгадных інтарэсаў. "Прычым не толькі па праблемах Цэнтральнай Азіі, але і па процідзеянні чужому геапалітычнаму ўплыву", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Станоўчую дынаміку ў пашырэнні супрацоўніцтва АДКБ з міжнароднымі арганізацыямі неабходна захоўваць, перакананы беларускі лідар.
Больш пільнай увагі, паводле слоў Прэзідэнта, патрабуе міграцыйная праблематыка. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў АДКБ мэтазгодна прытрымлівацца адзіных падыходаў да рэагавання на рызыкі і выклікі ў гэтай сферы. Асабліва важная, адзначыў ён, узаемная падтрымка саюзнікаў на міжнароднай арэне, у тым ліку ў ААН і АБСЕ.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што наступствы COVID-19 падкрэсліваюць неабходнасць развіваць у АДКБ узаемадзеянне ў галіне біялагічнай бяспекі. "Прычым не толькі з пункту гледжання процідзеяння пандэміі, але і ў кантэксце міжнародных пагроз", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў 2022 годзе Дагавору аб калектыўнай бяспецы спаўняецца 30 гадоў, а самой арганізацыі - 20. Да гэтых дат, падкрэсліў ён, неабходна падысці адказна.
"Як мінімум ажыццявіць рэвізію таго, што зроблена і што трэба будзе зрабіць. Магчыма, вызначыць новыя доўгатэрміновыя задачы па развіцці АДКБ, якая выступае гарантам і донарам бяспекі на Еўразійскім кантыненце", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Лідары дзяржаў АДКБ па выніках саміту ў Душанбэ падпісалі пакет дакументаў. У іх ліку - дэкларацыя Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, пагадненне па пытаннях юрысдыкцыі і аказання прававой дапамогі па справах, звязаных з часовым знаходжаннем фарміравання сіл і сродкаў калектыўнай бяспекі на тэрыторыях дзяржаў - членаў АДКБ.
Падпісаны таксама пагадненне аб сумесным матэрыяльна-тэхнічным і медыцынскім забеспячэнні войскаў АДКБ і рашэнне савета аб плане аснашчэння КСАР АДКБ сучасным узбраеннем, ваеннай і спецыяльнай тэхнікай, спецыяльнымі сродкамі. Два дакументы датычацца развіцця міратворчага патэнцыялу: гэта пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне аб міратворчай дзейнасці арганізацыі ад 6 кастрычніка 2007 года і рашэнне Савета калектыўнай бяспекі АДКБ "Аб спецыяльным прадстаўніку генеральнага сакратара АДКБ па пытаннях міратворчасці".
Кіраўнікі дзяржаў таксама разгледзелі шэраг дакументаў, якія датычацца кадравых пытанняў арганізацыі, ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, прававой і фінансава-эканамічнай дзейнасці.


