Удзел у Рэспубліканскім суботніку

  • 5
  • 1:51

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 красавіка па традыцыі прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку.

На гэты раз Кіраўнік дзяржавы працаваў на будоўлі новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У брыгаду Прэзідэнта ўвайшлі Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Віктар Шэйман, Міністр культуры Леанід Гуляка, старшыня Мінскага гарвыканкама Міхаіл Паўлаў, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі.

На працягу некалькіх гадзін брыгада выконвала ўкладку керамзітабетону на даху канферэнц-залы бібліятэкі на адзнацы 14 метраў. Усяго было ўкладзена каля 60 кубаметраў гэтага матэрыялу.

На рэспубліканскім суботніку ў 2003 годзе Аляксандр Лукашэнка таксама прымаў удзел ва ўзвядзенні Нацыянальнай бібліятэкі. Тады Прэзідэнт працаваў над закладкай фундамента гэтага будынка.

Будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пачата 1 лістапада 2002 года. Такі ўнікальны і тэхнічна складаны будынак узводзіцца ўпершыню ў Еўропе. На цяперашні момант выкананы асноўны аб'ём найбольш складаных і працаёмкіх работ па ўзвядзенні жалезабетоннага каркаса будынка бібліятэкі.

Новая Нацыянальная бібліятэка Беларусі абяцае стаць унікальным інфармацыйным і сацыякультурным цэнтрам. Акрамя ўмяшчальнага сховішча кніг і чытальных залаў, тут будзе абсталявана канферэнц-зала на 550 месцаў, дзе плануецца праводзіць мерапрыемствы міжнароднага ўзроўню. З'явяцца таксама інтэрнэт-цэнтр, мастацкая галерэя, кафэ і рэстараны, спартыўна-аздараўленчы комплекс. На адзнацы 72 метры размесціцца аглядная пляцоўка, з якой можна будзе палюбавацца прыгажосцю Мінска. На гэту вышыню наведвальнікаў даставіць панарамны ліфт. Вакол бібліятэкі будзе разбіты парк плошчай 84 гектары, адметнасцю якога стане "Урачыстая алея" з выстаўкай скульптур. Каля будынка плануецца ўстанавіць помнік беларускаму асветніку Францыску Скарыну. Ужо да верасня 2005 года добраўпарадкуюць набярэжную Сляпянскага канала. Цераз вадаём будзе ўзведзены унікальны па сваёй канструкцыі пешаходны мост. Побач з каналам у наступным годзе з'явіцца амфітэатр, разлічаны на 1,5 тысячы гледачоў.

Як далажылі Прэзідэнту спецыялісты, Нацыянальная бібліятэка Беларусі праектавалася, як і ва ўсім свеце, з улікам яе далейшага развіцця. Таму нашым нашчадкам для захоўвання ўсё большай колькасці кніг і дакументаў не давядзецца яе дабудоўваць і пашыраць.

У рамках суботніка Кіраўнік дзяржавы падрабязна азнаёміўся з ходам работ на аб'екце і прылеглай тэрыторыі. Ён агледзеў шэраг памяшканняў, у прыватнасці, Цэнтр прававой інфармацыі, дзе практычна завершаны аддзелачныя работы. Прэзідэнт выказаў некаторыя крытычныя заўвагі ў адрас будаўнікоў, а таксама нагадаў, што ўсе будаўніча-мантажныя і аддзелачныя работы павінны быць завершаны да канца жніўня гэтага года. Толькі пасля гэтага пачнецца перамяшчэнне кніжнага фонду бібліятэкі са старога будынка ў новы.

Гэты суботнік праводзіўся напярэдадні знамянальнага юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, таму 50% атрыманых грашовых сродкаў будзе накіравана на рамонт і добраўпарадкаванне мемарыялаў, абеліскаў, помнікаў і воінскіх пахаванняў.