Удзел у святочным шэсці ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны
- 3
- 3:07
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 ліпеня па традыцыі прыняў удзел у святочным шэсці ветэранаў, прысвечаным галоўнаму святу краіны - Дню Незалежнасці.
Удзельнікамі шэсця, якое пачалося з Кастрычніцкай плошчы і прайшло да плошчы Перамогі, сталі таксама вышэйшыя службовыя асобы, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый, замежныя госці, дыпламатычны корпус.
Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да манумента Перамогі. Побач ляглі вянкі ад Нацыянальнага сходу краіны, міністэрстваў, праваслаўнага і каталіцкага духавенства, Еўрапейскага саюза.
Памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне ўшанавалі мінутай маўчання.
"Мы ганарымся тым, што няскораная Беларусь унесла неацэнны ўклад у перамогу над фашызмам. Беларусы разам з іншымі брацкімі народамі Савецкага Саюза аказалі самае ўпартае ў гісторыі чалавецтва супраціўленне заваявальніку", - гэты факт асабліва адзначыў Прэзідэнт у ходзе ўрачыстай цырымоніі.
"На нашай зямлі гітлераўцы ўпершыню атрымалі сур'ёзны адпор. Тут пацярпелі крах і планы вокамгненнай вайны і заваявання славянскіх народаў. На дзеянні нямецкай ваеннай машыны, на тэрор і масавыя забойствы мірнага насельніцтва адказам была ўсенародная барацьба, паўсюднае супраціўленне фашысцкім агрэсарам. Наш народ не скарыўся акупантам, ні на імгненне не ўсумніўся ў перамозе, захаваў ідэалы дабра, справядлівасці і вернасці Радзіме", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, якой дарагой цаной была заваявана Вялікай Перамога. "Да гэтага часу незагойнай ранай застаецца ў сэрцах смутак аб мільёнах загінулых - героях і ахвярах вайны. Ніхто не павінен забываць аб тым, што Беларусь страціла ў тыя трагічныя гады амаль трэць сваіх жыхароў", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь рашуча не прымае вайну як інструмент знешняй палітыкі. У той жа час, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, "мы паслядоўна і настойліва працуем над умацаваннем абараназдольнасці сваёй краіны, робім усё магчымае, каб Узброеныя Сілы Беларусі адпавядалі новым выклікам XXI стагоддзя".
"Ваш Прэзідэнт і армія гатовы выканаць любую задачу, якую паставіць беларускі народ. Гэтага патрабуюць ад нас гістарычны вопыт і гістарычная памяць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што "нашу краіну ведаюць сёння як незалежную, міралюбную дзяржаву, дзе забяспечаны спакой, бяспека, стабільнасць, права на самае галоўнае - на жыццё". "Гэтыя дасягненні - вынік, у першую чаргу, мудрасці і стойкасці працавітага беларускага народа, які самастойна вызначаў і будзе ў далейшым вызначаць свой лёс - лёс народа, які ўпэўнена глядзіць у будучыню", - сказаў беларускі лідар.
"Беларусь - міралюбная дзяржава, якая можа за сябе пастаяць і сябе абараніць, якімі б вытанчанымі ні былі інструменты ўмяшання ў нашы ўнутраныя справы", - адзначыў ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь ажыццяўляе "канструктыўнае ўзаемадзеянне з усімі, хто ідзе да нас з добрымі намерамі. У нас шмат сяброў па ўсім свеце".
Звяртаючыся да ветэранаў, Аляксандр Лукашэнка выказаў ім асаблівыя словы ўдзячнасці. "Мы ў неаплатным даўгу перад вамі. Вы абаранілі нашу зямлю ад агрэсара, адстаялі для нас права быць грамадзянамі незалежнай дзяржавы. Мы схіляем галовы перад вашым подзвігам, высока цэнім вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне маладога пакалення", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава стараецца зрабіць як мага больш для сацыяльнай падтрымкі сваіх заслужаных людзей, акружыць клопатам і ўвагай, аказаць матэрыяльную дапамогу, забяспечыць дастойнае медыцынскае абслугоўванне і добрыя ўмовы жыцця.
"Зямны паклон усім, хто не шкадаваў сябе на фронце і ў тыле, нанава адбудоўваў гарады і вёскі, заводы і фабрыкі, узнімаў з руін і попелу спаленую Беларусь", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка цёпла паразмаўляў з ветэранамі, павіншаваў іх са святам і пажадаў мірнага неба, светлай будучыні, шчасця, здароўя, дабрабыту ім і іх сем'ям.
Затым Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з журналістамі. Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць у правільнасці таго, што Дзень Незалежнасці адзначаецца менавіта ў дзень вызвалення краіны ад фашысцкіх захопнікаў.
"Калі б мы тады сталі на калені, калі б мы ўпалі, калі б не абаранілі сваю краіну, сёння і размовы не было б аб незалежнасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы сказаў аб тым, што Дзень Незалежнасці стаў свайго роду "сямейныя святам". "Гэта асаблівасць сённяшняга дня. Я аб гэтым марыў, каб яно стала сямейным святам, каб да нас у краіну ў гэты дзень прыязджалі людзі - нашы беларусы, нашы госці. Сімвалічна, што ўсе славяне свету сабраліся ў нас сёння і праводзяць з'езд. Яны падтрымліваюць нас, перажываюць за нас, перажываюць за гэту зямлю як за сваю. Не толькі нашы людзі, якія па розных прычынах жывуць за межамі нашай краіны, але і нашы добрыя госці, замежны дыпламатычны корпус сёння з намі ў гэты Дзень Незалежнасці", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.