Удзел у комплексным аператыўна-тактычным вучэнні "Шчыт Айчыны-2004"

  • 7

Вучэнне "Шчыт Айчыны-2004" прадэманстравала здольнасць беларускай арміі, войскаў і воінскіх фарміраванняў рэспублікі надзейна абараняць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы. Усе пастаўленыя мэты дасягнуты. Такую ацэнку Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка даў комплекснаму аператыўна-тактычнаму вучэнню. Органы кіравання войскамі, часці і падраздзяленні Узброеных Сіл, пагранічных войскаў МУС, МНС і тэрытарыяльных войскаў паспяхова выканалі пастаўленыя задачы. Усе ўдзельнікі вучэння, у тым ліку прызваныя з запасу, паказалі добрасумленныя адносіны да выканання воінскага абавязку, заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у комплексным аператыўна-тактычным вучэнні "Шчыт Айчыны-2004" 2 кастрычніка, на завяршальнай стадыі мерапрыемства. Як і ў папярэднія гады, вучэнне мела выключна абарончы характар. Але, што характэрна, была асабліва ўзмоцнена яго састаўная частка, што датычыцца абароны грамадзянскага насельніцтва ад негатыўных вынікаў ваенных дзеянняў і тэрактаў, а таксама іх папярэджання.

Галоўная мэта вучэння ў гэтым годзе - ацаніць меры, якія прымаюцца па забеспячэнні абароны дзяржавы, праверыць эфектыўнасць ствараемай сістэмы ваеннай бяспекі Беларусі, узровень баявой  і мабілізацыйнай гатоўнасці органаў ваеннага кіравання, злучэнняў і воінскіх часцей. Упершыню сумесна з падраздзяленнямі Узброеных Сіл  Расійскай Федэрацыі адпрацоўваліся пытанні падрыхтоўкі ваеннаслужачых Беларусі да дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі.

У першай палавіне дня Прэзідэнт азнаёміўся з сістэмай кіравання і складам Савета абароны Мінскай вобласці, яго здольнасцю забяспечыць каардынацыю мер па абароне тэрыторыі і мірнага насельніцтва. Як было даложана Галоўнакамандуючаму Узброенымі Сіламі краіны, у адпаведнасці з указаннямі Прэзідэнта ў Беларусі створана нарматыўна-прававая база тэрытарыяльнай абароны.

Затым Кіраўніку дзяржавы былі прадэманстраваны дзеянні падраздзяленняў МНС па ліквідацыі вынікаў тэрарыстычнага акта. У прысутнасці Прэзідэнта адпрацаваны дзеянні па эвакуацыі мірнага насельніцтва з небяспечнай зоны, ліквідацыі вынікаў радыяцыйнага заражэння мясцовасці. 

Далей Прэзідэнт азнаёміўся з арганізацыяй прыёму эвакуіраванага насельніцтва з магчымых раёнаў баявых дзеянняў. Важным кампанентам вучэння з'явілася адпрацоўка сумесных дзеянняў тэрытарыяльных войскаў і міліцыі па падтрыманні парадку ва ўмовах ваеннага становішча, у тым ліку і па спыненні марадзёрства.

Таксама былі прадэманстраваны дзеянні па ахове і абароне  важнага аб'екта, у прыватнасці па прадухіленні дыверсіі на электрастанцыі.

На палігоне "Барысаўскі" былі разгорнуты падраздзяленні беларускіх і расійскіх узброеных сіл, якія праводзілі "міратворчую аперацыю". Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з абсталяваннем лагера для бежанцаў і арганізацыяй жыццядзейнасці ў ім. Прэзідэнт таксам агледзеў лагер міратворцаў.

Наступным этапам вучэння стала аперацыя па блакіраванні і знішчэнні "незаконнага ўзброенага фарміравання". Характэрна, што ў ходзе аперацыі ўпершыню за апошнія 10 гадоў была ажыццёўлена высадка парашутнага дэсанта з ваенна-транспартнага самалёта Іл-76.

Важнай часткай праграмы вучэнняў стала дэманстрацыя Прэзідэнту новых і мадэрнізаваных узораў ваеннай тэхнікі, якія не маюць аналагаў у свеце. Асаблівую цікавасць выклікала дэманстрацыя прымянення мадэрнізаваных самалёта Су-27 і верталёта Мі-8, якія выканалі ва ўмовах ночы складаныя заданні па вядзенні баявых дзеянняў.

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, у сціслыя тэрміны, літаральна за год-два, прадэманстраваныя ўзоры "былі адноўлены, створаны, а па некаторых напрамках на падставе найноўшых тэхналогій адпаведная тэхніка была мадэрнізавана".

Прэзідэнт са шкадаваннем канстатаваў, што да гэтага часу вайна застаецца сродкам вырашэння супярэчнасцей у сучасным свеце. "Менавіта таму  ўдасканаленне ваеннай арганізацыі дзяржавы складае прыярытэтную сферу дзейнасці кіраўніцтва краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, праведзеныя раней вучэнні "Нёман-2001", "Бярэзіна-2002", "Чыстае неба-2003" пацвердзілі правільнасць выбраных напрамкаў ваеннага будаўніцтва.

Паводле слоў беларускага лідара, у кантэксце сучаснага міжнароднага становішча гэтыя вучэнні ўпісваюцца  ў рэалізацыю стратэгіі стрымлівання, а значыць, служаць вырашэнню такіх задач, як прадухіленне ўзброеных сутыкненняў, магчымых дыверсій і правакацый. На фоне войнаў, канфліктаў, тэрактаў, якія перыядычна здараюцца ў розных частках свету, у Беларусі захаваны мір і стабільнасць, згода і спакой. Гэта сведчанне ўзважанасці і паслядоўнасці ўнутранай і знешняй палітыкі нашай рэспублікі, аснова якой - інтарэсы бяспекі народа і міралюбнасць.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь паслядоўна праводзіць міралюбівую палітыку ў строгай адпаведнасці з Канстытуцыяй, Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі, Ваеннай дактрынай, а таксама з міжнароднымі абавязацельствамі ў сферы забеспячэння ваеннай бяспекі.

"Без Беларусі, а значыць, і без нашых Узброеных Сіл не можа быць забяспечана бяспека ў цэнтры Еўропы. Гэта аксіёма, ад якой нельга адмахнуцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што менавіта наша рэспубліка першая выступіла з ідэяй стварэння бяз'ядзернага пояса ў рэгіёне ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Беларусь, якая панесла найвялікшыя страты ў другой сусветнай вайне, мае права на сваю ацэнку таго, што адбываецца. "У нас дакладная пазіцыя: няма сёння ні перадумоў, ні падстаў для нарошчвання ваеннай магутнасці НАТА у цэнтры Еўропы. Але, тым не менш, гэта адбываецца. Больш таго, рэалізуюцца планы перадыслакацыі войскаў блока, у тым ліку і да нашых граніц. Мы не можам гэтага не заўважаць, тым больш не ўлічваць", - лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь разглядае міжнародны тэрарызм як адну з самых сур'ёзных пагроз міжнароднай бяспецы і поўнасцю падтрымлівае намаганні сусветнага супольніцтва, якія прымаюцца ў мэтах яго выкаранення. Але любыя крокі, якія павінны прадухіляць распаўсюджванне тэрарызму, іншых сучасных пагроз і выклікаў, не павінны падрываць даверу сусветнага супольніцтва да форм і метадаў работы ў рамках ужо існуючых структур міжнароднай бяспекі, лічыць ён. Недапушчальна, каб пад маркай барацьбы з тэрарызмам развязваліся агрэсіўныя войны супраць суверэнных краін.

Падводзячы вынікі вучэння, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што  атрыманы вялікі навукова-даследчы матэрыял для далейшага паспяховага вырашэння пытанняў узаемадзеяння паміж структурнымі элементамі ваеннай арганізацыі дзяржавы, падрыхтоўкі нашых ваеннаслужачых да дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі.

"Мірнае неба над галавой нашых грамадзян, стабільнасць, згода і спакой - вось галоўная ўмова дабрабыту народа і дзяржавы. У кіраўніцтва краіны ёсць воля і ўсё неабходнае для захавання дасягнутай у грамадстве стабільнасці і міру. Гэтаму садзейнічае вельмі багаты інтэлектуальны патэнцыял рэспублікі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт уручыў узнагароды 24 ваеннаслужачым - ад радавога да генерала, якія найбольш вызначыліся ў ходзе гэтага вучэння. Пасля ўрачыстай цырымоніі адбыўся агляд войскаў, што прымалі ўдзел у комплексным аператыўна-тактычным вучэнні "Шчыт Айчыны-2004".