Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета
- 22
- 3:51
Прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі дамовіліся прыкласці намаганні для хутчэйшай ліквідацыі ўсіх існуючых выключэнняў і абмежаванняў у рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, каб з 1 студзеня 2015 года даць старт функцыянаванню Еўразійскага эканамічнага саюза. Яны таксама віталі жаданне новых удзельнікаў далучыцца да МС. Такія вынікі праведзенага 24 кастрычніка ў Мінску пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.
Да пачатку саміту кіраўнікі дзяржаў "тройкі", сустракаючыся ў нефармальнай абстаноўцы, абмеркавалі практычна ўвесь парадак дня. "Мы закранулі шмат пытанняў, якія падлягаюць абмеркаванню і ў гэтым, і ў больш шырокім складзе", - сказаў беларускі лідар, адкрываючы пасяджэнне ў вузкім фармаце.
Асноўным пытаннем саміту стала падрыхтоўка праекта дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ад таго, які дагавор будзе створаны, будзе залежаць і поспех новага інтэграцыйнага аб'яднання, і яго прывабнасць для іншых краін. Гэта таксама паўплывае непасрэдна на развіццё ўзаемаадносін паміж дзяржавамі вялікага рэгіёна.
Прэзідэнт Беларусі лічыць сімвалічным, што ў Мінску атрымліваюць пуцёўку ў жыццё найбольш важныя інтэграцыйныя рашэнні. Так, з прыняццем у лістападзе 2009 года ў беларускай сталіцы Мытнага кодэкса і Адзінага мытнага тарыфу пачалося практычнае функцыянаванне Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі.
"У кожнага партнёра, вядома ж, сваё бачанне перспектыў. Гэта нармальна. Аднак мы абавязаны знайсці тыя рашэнні, якія задавольваюць усіх. На наш погляд, гэта магчыма", - лічыць беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка як старшынствуючы на пасяджэнні спыніўся на прынцыпах, якіх прытрымліваецца Беларусь па далейшаму развіццю інтэграцыі.
Перш за ўсё, на думку беларускага боку, развіццё інтэграцыі павінна ўяўляць сабой рух наперад у ліквідацыі любых бар'ераў на шляху ўсебаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што сёння, нягледзячы на праведзеную работу, колькасць выключэнняў і абмежаванняў не зменшылася, па некаторых напрамках нават узрасла.
"Мы не можам плённа рухацца далей, не выканаўшы нашы папярэднія дамоўленасці. Не дасягнуўшы тых прагматычных або, калі хочаце, практычных мэт інтэграцыі, аб якіх мы неаднаразова ўсе заяўлялі", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік беларускай дзяржавы ўпэўнены, што не трэба апасацца перадачы дадатковых паўнамоцтваў у Мытным саюзе на наднацыянальны ўзровень.
"Суверэнітэт - не ікона. Усё мае сваю цану. І калі мы хочам жыць лепш, то трэба ад чагосьці адступіцца, чымсьці ахвяраваць. Галоўнае - гэта дабрабыт людзей", - лічыць беларускі лідар.
На думку Прэзідэнта Беларусі, тое ж датычыцца і архітэктуры будучага саюза - структуры органаў і механізмаў прыняцця рашэнняў. "Гэтыя кампаненты павінны быць зразумелымі, аптымальнымі і, галоўнае, - эфектыўнымі", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы, дадаўшы, што функцыі Еўразійскай эканамічнай камісіі не павінны размывацца.
"Мы ствараем не міждзяржаўнае ўтварэнне, а сумесны орган дзяржаўнага кіравання, які павінен прымаць рашэнні кожны дзень па вызначаных намі напрамках і пытаннях. І гэтыя рашэнні павінны выконвацца на ўсёй тэрыторыі нашага саюза", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу таксама на адносіны з партнёрамі па СНД.
"З аднаго боку, мы бачым намер Арменіі далучыцца да нашага інтэграцыйнага аб'яднання. З іншага - не чужая нам Украіна імкнецца асацыіравацца ў Еўрапейскі саюз", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь вітае далучэнне да Мытнага саюза новых партнёраў, аднак пры гэтым неабходна выпрацаваць канструктыўныя механізмы ўзаемадзеяння "тройкі" з гэтымі краінамі.
"Беларусь, безумоўна, вітае далучэнне да Мытнага саюза новых партнёраў. Гэта робіць яго больш устойлівым. Таму дзверы ў наша аб'яднанне заўсёды адкрыты і для іншых краін", - сказаў беларускі лідар.
"Трэба дакладна разумець, што Арменіі і іншым неабходна прайсці той жа шлях інтэграцыі, які прайшлі ўжо Беларусь, Казахстан і Расія, і прыняць на сябе ўсе абавязацельствы ў поўным аб'ёме без усялякіх выключэнняў", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Што датычыцца Украіны, то Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў важнасць таго, каб яна, рухаючыся ў бок ЕС, не закрыла для сябе магчымасць удзелу ў Мытным, а ў далейшым - і ў Еўразійскім эканамічным саюзе.
"Гэта няпростыя пытанні. Па іх нам трэба будзе знайсці ўзважаныя рашэнні, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы павінны даць дакладны сігнал нашым Урадам, у якім напрамку ім рухацца далей".
"Як прапанаваў Нурсултан Абішавіч (Назарбаеў), па тых спрэчных пытаннях, якія ў нас, безумоўна, ёсць, трэба не хапаць адзін аднаго за грудзі і тармасіць, а даручыць спецыялістам, Урадам у сціслыя тэрміны, каб не парушаць нашых дамоўленасцей па далейшаму руху наперад, выпрацаваць прымальныя рашэнні, магчыма, на аснове кампрамісаў", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка запрасіў калег выказацца па актуальных пытаннях інтэграцыі.
Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў таксама лічыць неабходным ліквідаваць усе дзеючыя выключэнні і абмежаванні ў Мытным саюзе.
Нараўне са станоўчымі момантамі ў рабоце МС і АЭП Прэзідэнт Казахстана спыніўся і на негатыўных момантах. "Мы павінны гаварыць адкрыта па-сяброўску аб мінусах, над якімі ўсе мы павінны працаваць, асабліва камісія", - лічыць казахстанскі лідар. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на рост гандлёвых дыспрапорцый у гандлі Казахстана з партнёрамі па "тройцы". "Толькі за сем месяцаў бягучага года з Расіі ў Казахстан завезена прадукцыі ў тры разы больш, чым экспартавана, а з Беларуссю гэты разрыў павялічыўся ў восем разоў", - сказаў Прэзідэнт Казахстана.
Акрамя таго, паводле слоў Нурсултана Назарбаева, захоўваюцца цяжкасці ў доступе казахстанскай прадукцыі на рынкі: выкарыстоўваюцца нетарыфныя тэхнічныя бар'еры, завышаныя санітарныя і фітасанітарныя патрабаванні, меры па сертыфікацыі, ліцэнзаванню і кватаванню. "Напрыклад, мясапрадукты або малако з Беларусі. Часам ствараюцца заведама непраходныя ўмовы, паколькі патрабуюцца нормы, якія адсутнічаюць у санітарных сертыфікатах нашых краін. Адзначаецца зніжэнне паставак беларускіх харчовых тавараў на рынак Расіі, гэтак жа, як і нашага мяса", - канстатаваў Прэзідэнт Казахстана.
"Пашырэнне сферы тэхрэгулявання ідзе ўразрэз з нашай палітыкай па паляпшэнню бізнес-асяроддзя. Ёсць пытанні па электраэнергетычнай сферы. Казахстан не можа транзітам праз тэрыторыю Расіі прадаваць электраэнергію ў Беларусь", - адзначыў Нурсултан Назарбаеў.
Ён таксама заявіў, што з боку прадпрымальнікаў найбольш крытыкуецца Мытны кодэкс, звяртаецца ўвага на неабходнасць яго лібералізацыі, максімальнага спрашчэння мытных працэдур на знешняй граніцы.
"Лічу, што дзейнасць Еўразійскай эканамічнай камісіі павінна быць накіравана на ўстараненне гэтых дыспрапорцый і бар'ераў ва ўзаемным гандлі", - падкрэсліў Прэзідэнт Казахстана, адзначыўшы наяўнасць значных недахопаў у рабоце гэтай камісіі.
"Назіраецца відавочная палітызацыя работы камісіі, распыленне сродкаў і намаганняў на паглыбленне інтэграцыйных працэсаў", - заявіў Прэзідэнт Казахстана.
"Нельга дапускаць з боку камісіі парушэнняў прынцыпаў рэгламенту работы. Нярэдка дакументы камісіі паступаюць на ўзгадненне за адзін дзень да прыняцця рашэння. Не магу не адзначыць, што расійскія члены Калегіі прымаюць удзел у пасяджэннях Урада Расіі і атрымліваюць адпаведную ўстаноўку, хоць згодна з нашым дагаворам камісія, члены Калегіі непадсправаздачныя ніякаму з нашых урадаў", - заўважыў Нурсултан Назарбаеў.
"Трэба завяршыць работу над тым, аб чым падпісаны ўжо дагаворы. Па транспарціроўцы нафты і газу падпісалі - не вырашаецца, па чыгуначных тарыфах не вырашаецца, па электраэнергіі не вырашаецца. Давайце сканцэнтруемся на гэтым. Не выканаўшы тое, аб чым мы дамовіліся, ісці далей? Хто нас гоніць? Час ёсць", - лічыць казахстанскі лідар.
Гаворачы аб інтэграцыі, ён адзначыў, што дзяржавы ўдзельнічаюць у гэтым працэсе перш за ўсё, каб вырашаць пытанні, якія немагчыма вырашаць паасобку. Па-другое, у інтэграцыйным аб'яднанні павінна быць раўнапраўе.
"Вельмі сур'ёзнае пытанне - гэта ўступленне Казахстана ў СГА, - сказаў Нурсултан Назарбаеў. - Мы поўнасцю ішлі ў фарватары Расіі, нам была абяцана падтрымка пры ўступленні ў СГА. Балійская канферэнцыя будзе ў бягучым годзе ў снежні. Казахстан там мог бы ўжо ўступіць, але мы не можам, таму што падтрымалі ўзровень абароны Расіі. Гэта, напэўна, больш пытанне паміж Расіяй і Казахстанам, але гэта датычыцца і Беларусі".
У сувязі з гэтым Прэзідэнт Казахстана заявіў, што расійска-казахстанскай дэлегацыі неабходна разам правесці перагаворы з Еўрапейскім саюзам і ЗША, "якія нас туды (у СГА) не пускаюць".
"Гавораць: уступайце на пазіцыях, якія абаранілі да ўступлення ў Мытны саюз. Тады будзе праблема ў нас у Казахстане з Мытным саюзам", - дадаў Нурсултан Назарбаеў.
Што датычыцца далейшага лёсу ЕўрАзЭС, то прэзідэнты мытнай "тройкі" лічаць неабходным захаваць частку нарматыўнай базы гэтага аб'яднання ў якасці асновы функцыянавання Мытнага саюза.
Паводле слоў Нурсултана Назарбаева, у ЕўрАзЭС, якое завяршае сваю работу з 1 студзеня 2015 года, ёсць некалькі дзясяткаў міжнародных дагавораў, якія датычацца членаў мытнай "тройкі". Казахстанскі лідар прапанаваў прадоўжыць іх дзеянне, адаптаваць да Мытнага саюза або прыняць нанава.
"Ставіцца пытанне, што будзе з членамі гэтай арганізацыі (ЕўрАзЭС), куды ўваходзяць таксама Кыргызстан і Таджыкістан. Трэба дамовіцца. Магчыма, яны будуць наглядальнікамі, калі мы не хочам нейкім чынам вызначыць іх статус. Гэту арганізацыю (ЕўрАзЭС) сапраўды трэба закрываць", - лічыць Прэзідэнт Казахстана.
Паводле слоў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, за апошні час у Мытным саюзе шмат зроблена з пункту гледжання кадыфікацыі і ўмацавання нарматыўна-прававой базы. "Усё гэта павінна быць пакладзена ў аснову Еўразійскага эканамічнага саюза", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
Уладзімір Пуцін згадзіўся з пазіцыяй Прэзідэнта Казахстана аб далейшым лёсе ЕўрАзЭС і падкрэсліў недапушчальнасць страты нарматыўна-прававога фундаменту, на якім у тым ліку стаіць Мытны саюз. "Мы не можам проста так ліквідаваць (ЕўрАзЭС), інакш мы падарвём прававую аснову Мытнага саюза", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
Гаворачы аб далейшых перспектывах развіцця інтэграцыі, Уладзімір Пуцін адзначыў, што Еўразійскі эканамічны саюз павінен забяспечыць максімальную рэалізацыю свабоды перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы.
"Лічу важным, каб дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, дзеля якога мы сёння сабраліся, уключаў доўгатэрміновыя мэты нашага ўзаемадзеяння. У ім неабходна адлюстраваць новую якасць інтэграцыі ў параўнанні з цяперашнім фарматам Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Павінна быць дакладна прапісана, што мы будзем весці ўзгодненую палітыку ў ключавых сферах эканамічнага рэгулявання", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
"Тое, што мы пакуль не дасягнулі па некаторых пазіцыях таго, аб чым дамаўляліся раней, вядома, вельмі сумна, я тут згодны з калегамі, трэба ў гэтым напрамку рухацца і дабівацца тых мэт, якія мы перад сабой паставілі. Як мы дамаўляліся на сустрэчы ў Астане, трэба, вядома, працаваць над устараненнем выключэнняў. Трэба ствараць аднолькавыя ўмовы, - заявіў Уладзімір Пуцін. - Гэта вялікая работа, але яна павінна быць з двухбаковым рухам. Павінен быць кампраміс".
Паводле слоў расійскага Прэзідэнта,
неабходна весці размову аб стварэнні еўразійскіх сетак у сферах энергетыкі, транспарту, тэлекамунікацый. "Такое збліжэнне забяспечыць самыя спрыяльныя ўмовы для развіцця патэнцыялу нашых эканомік. Наўрад ці ў каго ёсць сумненні, што рэгіянальная інтэграцыя (увесь свет ідзе па гэтым шляху) - найбольш дзейсны сродак для максімальнага выкарыстання ўнутраных рэсурсаў росту, павышэння канкурэнтаздольнасці на сусветных рынках. Разам мы мацнейшыя і нам прасцей рэагаваць на глабальныя выклікі", - упэўнены Уладзімір Пуцін.Прэзідэнт Расіі адзначыў, што на фоне агульнага запаволення тэмпаў росту ў свеце макраэканамічныя паказчыкі ў "тройцы" выглядаюць прымальна. "Крызісныя з'явы ў сусветнай эканоміцы, вядома, не абмінулі і нашы дзяржавы, але каб пераадолець іх, неабходна і ў далейшым умацоўваць інтэграцыю, удасканальваць наш агульны рынак тавараў і паслуг, паляпшаць умовы вядзення бізнесу", - адзначыў расійскі Прэзідэнт.
"Расія зыходзіць менавіта з такой логікі і гатова да самага цеснага ўзаемадзеяння", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
Размова на пасяджэнні ішла і аб удзеле ў еўразійскай інтэграцыі новых партнёраў.
"Чуў, ужо многія гавораць, што, напрыклад, Сірыя хоча ўступіць. Прэм'ер-міністр Турцыі Эрдаган звярнуўся да мяне: ці можна Турцыю прыняць у Мытны саюз?" - адзначыў Прэзідэнт Казахстана.
Прадаўжаючы тэму аб інтарэсе трэціх краін да супрацоўніцтва з Мытным саюзам, Уладзімір Пуцін адзначыў, што такі інтарэс праяўляе і іншая вялікая сусветная эканоміка - Індыя. "Толькі што ў нас у гасцях быў прэм'ер-міністр Індыі, і ён прасіў мяне паставіць пытанне на нашай сённяшняй сустрэчы аб тым, што Індыя хацела б разгледзець магчымасць падпісання дагавора аб зоне свабоднага гандлю з Мытным саюзам", - паведаміў ён.
На думку расійскага Прэзідэнта, улічваючы аб'ёмы і маштабы індыйскага рынку, перспектывы развіцця Азіі ў цэлым, бакам неабходна аднесціся да гэтай прапановы вельмі сур'ёзна.
Пасля працяглых перагавораў у фармаце "тройкі" да кіраўнікоў дзяржаў далучыліся прэзідэнты Арменіі, Таджыкістана, Украіны, а таксама першы віцэ-прэм'ер Кыргызстана.
Перш чым прадоўжыць абмеркаванне парадку дня, удзельнікаў, якія далучыліся, праінфармавалі аб тых рашэннях, што былі прыняты на пасяджэнні "тройкі".
У канструктыўным ключы былі разгледжаны актуальныя пытанні, якія вызначаюць дынаміку і перспектывы далейшага развіцця інтэграцыі. Праведзеныя перагаворы былі насычанымі і змястоўнымі. Бакі намецілі новыя арыенціры развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, пацвердзілі стратэгічны курс на нарошчванне прамысловай кааперацыі, гандлёвых і інвестыцыйных сувязей.
Завяршаецца кадыфікацыя прававой базы Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, у фінальную стадыю ўваходзіць працэс узгаднення тэксту дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Бакі прыйшлі да агульнага разумення, што саюз павінен праводзіць збалансаваную макраэканамічную і бюджэтную палітыку, а таксама вырашылі больш цесна каардынавацца ў пытаннях занятасці і развіцця інфраструктуры, уключаючы стварэнне еўразійскіх транспартных і энергетычных сетак.
Вялікі блок пытанняў быў прысвечаны рабоце над дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе.
Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка па выніках пасяджэння, дыскусія была вострай, але бакі прыйшлі да адзінага меркавання, былі вырашаны ўсе пытанні па дагавору.
"Мы з калегамі дамовіліся аб тым, якія канкрэтныя даручэнні будуць дадзены ўрадам нашых краін па дапрацоўцы праекта дагавора", - сказаў беларускі лідар.
"Мы дамовіліся, што ідзём на падпісанне пагаднення аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, які павінен пачаць працаваць 1 студзеня 2015 года. Для гэтага ў маі наступнага года мы павінны ўбачыць праект дакумента і яго падпісаць, каб паспець за паўгода ратыфікаваць у сваіх парламентах", - адзначыў у сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў.
Мытная "тройка" вітала ўступленне ў МС новых удзельнікаў.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што па ўсіх пастаўленых на пасяджэнні пытаннях, якія датычацца Мытнага саюза, АЭП і ў перспектыве Еўразійскага эканамічнага саюза, патэнцыяльным удзельнікам МС былі дадзены вычарпальныя і сумленныя адказы.
"Мы разгледзелі пытанні па далейшаму ўзаемадзеянню "тройкі" і з Арменіяй, якая выказала жаданне ўдзельнічаць у Мытным саюзе і АЭП, і з Украінай, якая заяўляе аб намеры падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. - Гэта вельмі важныя пытанні, якія акажуць сур'ёзны ўплыў на развіццё гандлёва-эканамічных адносін ва ўсім рэгіёне".
У гэтых мэтах будзе створана рабочая група і выпрацавана дарожная карта, па якой Кыргызстан і Арменію будуць прымаць у МС.
"Мы ні перад кім не закрываем дзверы ў наша аб'яднанне. А калі хто-небудзь яе перад сабой закрые сам, гэта будзе ненармальна. Нашы народы вельмі многае звязвае, каб мы адгароджваліся адзін ад аднаго", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што інтэграцыйнае аб'яднанне адкрыта для ўдзелу іншых дзяржаў, якія падзяляюць яго мэты і гатовы прыняць на сябе патрабуемыя абавязацельствы. "Адзіная эканамічная прастора сёння - гэта каласальны рынак з вельмі вялікай колькасцю спажыўцоў. Гэта значныя магчымасці для прамысловай кааперацыі, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, інавацыйнага развіцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, паспяховасць інтэграцыйнага праекта прабудзіла цікавасць да ўстанаўлення з Мытным саюзам рэжыму свабоднага гандлю ў такіх краін, як В'етнам, Новая Зеландыя, дзяржаў Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю, а таксама Індыі, Ізраіля, іншых краін і эканамічных блокаў.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь бачыць у інтэграцыі магутны фактар для дынамічнага развіцця дзяржаў. "Беларусь з самых ранніх этапаў інтэграцыі паслядоўна прытрымлівалася пазіцыі, што інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы дзейнічаюць на карысць эканамічнага развіцця іх удзельнікаў, а ў канчатковым выніку - на карысць простых людзей, грамадзян гэтых дзяржаў", - сказаў беларускі лідар.
"Усім відавочна, што крызісныя з'явы, якія маюць месца ў сусветнай эканоміцы, значна лягчэй перажыць разам. Менавіта таму Беларусь выступае за актывізацыю інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, на пасяджэнні былі разгледжаны пытанні, якія датычацца мадэльнага закона "Аб канкурэнцыі", парадку перамяшчэння наркатычных і псіхатропных рэчываў у Мытным саюзе, выканання бюджэту Еўразійскай эканамічнай камісіі, і шэраг іншых. Вялікую ўвагу краіны "тройкі" ўдзяляюць пытанням стварэння агульнага рынку высокатэхналагічнай прадукцыі, паляпшэння інвестыцыйнага і дзелавога клімату.
Удзельнікі пасяджэння адобрылі адпаведны мадэльны закон, які накіраваны на збліжэнне прававога рэгулявання ў галіне канкурэнтнай палітыкі Беларусі, Казахстана і Расіі.
"Прынятыя рашэнні прадэманстравалі няўхільнае імкненне краін - членаў Мытнага саюза і АЭП да далейшага паступальнага паглыблення інтэграцыйных працэсаў", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Адказваючы на пытанні журналістаў па выніках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў, што Расія гатова пайсці на ўстараненне ўсіх выключэнняў і абмежаванняў у рабоце МС.
У той жа час Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Расія чакае такіх жа крокаў і ад
партнёраў па Мытнаму саюзу.
"Мы разумеем, што для нашых партнёраў важна
ўстараніць гэтыя выключэнні, звязаныя з нафтай, нафтапрадуктамі і гэтак далей, -
сказаў Уладзімір Пуцін. - Мы гатовы. Для нас гэта страта бюджэту, але мы гатовы
гэта зрабіць".
"Разлічваем на тое, што і партнёры пойдуць нам насустрач, устараняючы тыя выключэнні, якія для іх, як яны лічаць, важны", - падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.
Уладзімір Пуцін адзначыў, што размова ідзе аб пошуку балансу інтарэсаў, які прадугледжвае, што, калі гэтыя выключэнні з правіл у рамках Мытнага саюза будуць устаранёны, то яны павінны быць устаранёны ўсе. "Чаму мы гаворым аб нейкіх уступках? - сказаў Кіраўнік расійскай дзяржавы. - Мы павінны рухацца збалансавана і ўлічваючы інтарэсы адзін аднаго".
Паводле яго слоў, гэта запатрабуе часу. Казахстанскі бок прапанаваў формулу, па якой да пэўнага часу будуць узгоднены тэрміны і рух па гэтых выключэннях. "Мы згадзіліся, лічачы, што гэта разважлівы і прафесіянальны падыход", - сказаў Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта раўнапраўная пастаноўка пытання. Ён падкрэсліў, што Беларусь гатова працаваць без выключэнняў і абмежаванняў. "Так, гэта ўзмацненне канкурэнцыі ў асобных сектарах. Але калі мы ад сваіх партнёраў патрабуем і просім, каб гэтых выключэнняў не было, то мы павінны рабіць адпаведныя крокі", - сказаў беларускі лідар. Ён дадаў, што ў гэтым выпадку Беларусь не будзе патрабаваць таго, каб быў нейкі прамежак часу адаптацыі па тых ці іншых пытаннях.
"Таму я лічу, што мы ў самыя сціслыя тэрміны прымем рашэнне, якое будзе задавольваць і Расійскую Федэрацыю, і Казахстан, і Беларусь", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнікі дзяржаў "тройкі" дамовіліся рухацца да таго, каб поўнасцю ліквідаваць выключэнні і абмежаванні ў рамках МС і Адзінай эканамічнай прасторы. "Гэта значыць, што будуць зняты ўсе астатнія бар'еры на шляху свабоднага абмену таварамі, паслугамі, капіталам, тэхналогіямі і рабочай сілай", - сказаў Уладзімір Пуцін.
Што датычыцца далучэння Украіны да МС, то, як адзначыў Прэзідэнт Расіі, гэта будзе немагчыма пасля падпісання ёю пагаднення аб асацыяцыі з ЕС.
Уладзімір Пуцін растлумачыў, што ў рамках гэтай асацыяцыі прадугледжваецца стварэнне зоны свабоднага гандлю паміж Еўрасаюзам і Украінай, дзе Украіна бярэ на сябе абавязацельствы ўкараніць на сваёй тэрыторыі правілы і рэжымы гандлёвай палітыкі Еўрасаюза.
"Мы лічым, што такое раскрыццё рынку для нас вельмі небяспечна і непрымальна на сённяшнім этапе развіцця нашай эканомікі. Мы імкнёмся да таго, каб стварыць адзіную Еўразійскую эканамічную прастору ад Лісабона да Уладзівастока, і для таго, каб гэта было на раўнацэннай, раўнапраўнай аснове, каб мы не неслі эканамічных страт і, як вынік, не мелі праблем у сацыяльнай сферы, гэта павінна быць узгоднена, паступова", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
Кіраўнік расійскай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Украіна абавязуецца ўкараніць на сваёй тэрыторыі ў сваёй эканоміцы тэхнічныя рэгламенты Еўрасаюза. Паводле яго слоў, гэта значыць, што амаль усе тавары, якія вырабляюцца ва Украіне, павінны падпарадкоўвацца тэхналагічным правілам Еўрасаюза, на што патрэбны час. Расійскі бок лічыць, што гэта можа прывесці да выцяснення ўкраінскіх тавараў на іншыя рынкі, перш за ўсё на рынак Мытнага саюза. "Таму мы пакідаем за сабой права выкарыстоўваць пратакол нумар 6 да дагавора аб зоне свабоднага гандлю (дагавор СНД ад 18 кастрычніка 2011 года), каб абараніць свой рынак, - сказаў Уладзімір Пуцін. - Гэта не значыць, што мы будзем забараняць увоз на расійскі рынак украінскіх тавараў. Але гэта значыць, што гэтыя тавары не будуць карыстацца льготным рэжымам у рамках зоны свабоднага гандлю, на іх будзе распаўсюджана права так званага рэжыму найбольшага спрыяння. Гэта значыць украінскія тавары будуць пастаўлены ў такое ж становішча, як і ўсіх іншых краін свету - членаў СГА".
Уладзімір Пуцін адзначыў, што з Прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам дасягнута дамоўленасць аб правядзенні кансультацый з украінскімі партнёрамі ў адпаведнасці з правіламі, выкладзенымі ў дагаворы аб зоне свабоднага гандлю. "Але пры гэтым мы пакідаем за сабой права прымяніць меры абароны", - сказаў ён.
Што датычыцца самога факта падпісання Украінай пагаднення з ЕС аб асацыяцыі, Уладзімір Пуцін сказаў: "Мы не за і не супраць". Гэта наогул не наша справа, гэта суверэннае права ўкраінскага народа, украінскага кіраўніцтва ў асобе Прэзідэнта, Парламента і Урада.
На чарговае пасяджэнне кіраўнікі мытнай "тройкі" збяруцца ў снежні ў Маскве. Аб гэтай сустрэчы было дамоўлена загадзя. Гэта будуць заключныя перагаворы ў бягучым годзе ў такім фармаце.
Работа саміту шырока асвятлялася ў беларускіх і замежных СМІ. Усяго на мерапрыемства акрэдытаваліся каля 300 журналістаў з розных краін.
Позна вечарам адбылася двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў свайму расійскаму калегу за візіт і падтрымку, якая была аказана ў працэсе работы ў рамках пасяджэння. "Нам удалося не проста абмеркаваць шмат пытанняў, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Не скажу, што гэта прарыў, але мы зрабілі вялікі крок у выніку праведзенай работы". Ён адзначыў, што ўдалося значна рушыць наперад па многіх прынцыповых пытаннях, якія датычацца фарміравання Еўразійскага эканамічнага саюза і самае галоўнае - падрыхтоўкі дагавора аб яго стварэнні.
"Мы абазначылі яго контуры. Вядома, работы наперадзе яшчэ нямала, - лічыць Прэзідэнт Беларусі. - Але зробленае настолькі вялікае, што напярэдадні ні вы, ні я не думалі, што ўдасца так далёка рушыць наперад па прынцыповых пытаннях".
У сваю чаргу Уладзімір Пуцін даў высокую ацэнку праведзенаму ў Мінску пасяджэнню Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Ён звярнуў увагу на тое, што многія з пытанняў, якія разглядаліся прэзідэнтамі, былі раней узгоднены на ўзроўні экспертаў.
"Вы як старшыня змаглі інтэлігентна разруліць развязкі, і ў выніку мы змаглі выйсці на агульныя ўзгодненыя пазіцыі практычна па ўсіх пытаннях", - падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.