Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД

  • 30
  • 2:17

Садружнасць Незалежных Дзяржаў неабходна захоўваць і развіваць як важную пляцоўку для міждзяржаўнага дыялогу па шырокаму колу пытанняў. Такую пазіцыю падтрымалі лідары краін Садружнасці на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое прайшло ў Мінску 25 кастрычніка.

Старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў паведаміў удзельнікам пасяджэння аб парадку дня і рэгламенце работы. Ён адзначыў, што на разгляд кіраўнікоў дзяржаў вынесена 14 пытанняў. Сяргей Лебедзеў падкрэсліў, што ўсе дакументы, прадстаўленыя ўдзельнікам пасяджэння, прайшлі неабходную экспертную прапрацоўку, існаваўшыя заўвагі і прапановы ўзгоднены.

Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы пасяджэнне ў вузкім складзе, звярнуў увагу на тое, што ў рамках старшынства Беларусь накіравала свае намаганні на вырашэнне задач, якія адпавядаюць дэвізу "Інтэграцыя на карысць чалавека". Паводле яго слоў, зыходзячы з гэтага, беларускім бокам паспяхова рэалізаваны шэраг мерапрыемстваў і ініцыятыў у сферах бяспекі, экалогіі, зялёных тэхналогій, пашырэння міжрэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва, дыялогу культур. Чырвонай ніткай таксама прайшла тэма эканамічнага партнёрства.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў бягучым годзе пачаліся актыўныя перагаворы па праекту дагавора аб зоне свабоднага гандлю паслугамі. Канкрэтным зместам напаўняецца Міждзяржаўная праграма інавацыйнага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь нагадаў, што 24 кастрычніка на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі, што дзверы новых аб'яднанняў адкрыты для ўсіх. "Таму настаў час нам разам падумаць аб дадатковых механізмах па нарошчванню эканамічнага ўзаемадзеяння ў рамках СНД, - сказаў беларускі лідар. - Улічваючы актывізацыю інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, лічу, што наша Садружнасць як старэйшае інтэграцыйнае аб'яднанне не павінна адставаць у гэтай справе".

Аляксандр Лукашэнка назваў асноўныя напрамкі, на якіх, на яго думку, дзяржавам неабходна істотна ўзмацніць сваю работу.

Па-першае, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь заклікаў партнёраў па СНД узмацніць каардынацыю дзейнасці на міжнароднай арэне.

"Далёка не заўсёды нашы краіны выступаюць з адзіных пазіцый. На жаль, гэта праяўляецца нават на пляцоўцы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Часам нашы партнёры падтрымліваюць рашэнні, накіраваныя супраць Садружнасці або яе асобных членаў. Наўрад ці можна лічыць гэту практыку прадукцыйнай", - падкрэсліў беларускі лідар.

Па-другое, на думку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, актывізацыі патрабуе работа на рэгіянальным узроўні. "Нам неабходна больш актыўна распрацоўваць і ажыццяўляць трансгранічныя праекты. Тады і зацікаўленасць асобных дзяржаў і іх імкненне жыць і працаваць у рамках СНД будуць больш адчувальнымі", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Па-трэцяе, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць папулярызацыі Садружнасці сярод сучаснай моладзі. На яго думку, тут дзяржавам трэба больш актыўна выкарыстоўваць найноўшыя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, у першую чаргу сацыяльныя сеткі і мультымедыйныя платформы.

"Упэўнены, што рэалізацыя гэтых ініцыятыў дасць магчымасць дасягнуць важкіх вынікаў у нашым супрацоўніцтве", - падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы ў цэлым аб пазіцыі Беларусі адносна далейшага развіцця СНД, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што наша краіна не ўяўляе свайго суверэнітэту і незалежнасці без вельмі цеснага супрацоўніцтва ў рамках Садружнасці. "Больш таго, мы не бачым сябе паспяховай дзяржавай без супрацоўніцтва з народамі, з якімі мы жылі апошняе стагоддзе як адзіная сям'я", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што гэта прынцыповая пазіцыя Беларусі. "Суверэнітэт, незалежнасць, дастатак народа можна забяспечыць толькі ў адзінстве з рэспублікамі СНД", - адзначыў беларускі лідар, дадаўшы, што такая прынцыповая пазіцыя Беларуссю будзе падтрымлівацца і ў далейшым.

Аляксандр Лукашэнка ад імя сваіх калег па СНД павіншаваў Ільхама Аліева з пераканаўчай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у Азербайджане, а таксама пажадаў Эмамалі Рахмону перамогі на маючых адбыцца выбарах Прэзідэнта Таджыкістана.

Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў усім удзельнікам пасяджэння выказаць свае меркаванні па пытаннях парадку дня, а таксама іншых тэмах, якія іх цікавяць.

Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін лічыць, што прыярытэтную ўвагу ў СНД неабходна ўдзяліць стану спраў у эканамічнай сферы ў сувязі з тым, што прырост эканомік дзяржаў Садружнасці ў 2012 годзе склаў 3,4%, а ў бягучым годзе гэты паказчык складзе толькі 1,8%. Тое ж самае можна сказаць і аб інвестыцыях, якія значна скараціліся.

"Зразумела, гэтыя тэндэнцыі нельга разглядаць у адрыве ад сітуацыі ў сусветнай эканоміцы, а яна пакідае жадаць лепшага. Аднак нашым краінам поўнасцю пад сілу сфарміраваць уласны парадак развіцця, генерыраваць буйныя інвестпраекты, удасканальваць дзелавы клімат, не чакаючы паляпшэння знешняй кан'юнктуры", - упэўнены Уладзімір Пуцін.

Ён лічыць, што для эфектыўнага процідзеяння ўплыву глабальнага крызісу неабходна развіваць інтэграцыйныя сувязі ў Садружнасці.

У сувязі з намерам аб'явіць 2014 год у СНД Годам турызму Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што ў якасці адной з прыярытэтных задач Расія разглядае распрацоўку стратэгіі развіцця супрацоўніцтва ў галіне турызму на перыяд да 2020 года. "Краіны СНД маюць унікальнае багацце культурна-гістарычных і прыродных выдатных мясцін. Неабходна павышаць іх даступнасць, развіваць рэгіянальную транспартную інфраструктуру, інвесціраваць у стварэнне сумесных аб'ектаў", - сказаў Прэзідэнт Расіі.

У якасці прыкладу ён прывёў супрацоўніцтва з Беларуссю па стварэнню воднага турыстычнага маршруту па Дняпры, дзе праходзіў шлях з варагаў у грэкі.

У сувязі з тым, што Украіна ў 2014 годзе прымае старшынства ў СНД, Прэзідэнт Віктар Януковіч у сваім выступленні абазначыў кола прыярытэтных пытанняў на гэты перыяд.

У прыватнасці, вялікую ўвагу Украіна мае намер удзяляць далейшаму развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, якое павінна грунтавацца на палажэннях дагавора аб зоне свабоднага гандлю і прынцыпах СГА. "Гэты дагавор, мы ўпэўнены, павінен запрацаваць на поўную сілу, а закладзеныя ў ім механізмы - стаць рэальна дзеючымі, - сказаў Віктар Януковіч. - Трэба сфарміраваць усе неабходныя ўмовы для забеспячэння раўнапраўнай канкурэнцыі, абароны правоў уласніка і інвестара, зняць штучныя бар'еры, якія ўсё яшчэ існуюць і перашкаджаюць гандлёваму і інавацыйнаму супрацоўніцтву".

"Важна таксама, каб на аснове міжнародных норм і прынцыпаў, закладзеных у дагаворы, пачалі працаваць механізмы разгляду спрэчных пытанняў у гандлі", - дадаў Віктар Януковіч.

Акрамя таго, намаганні Украіны таксама будуць накіраваны на падрыхтоўку да падпісання пагадненняў аб транзіце трубаправодным транспартам, гандлі паслугамі, пратакола аб паэтапнай адмене экспартных пошлін.

На думку Віктара Януковіча, агульным інтарэсам краін СНД таксама адпавядае рэалізацыя сумесных праектаў у навукова-тэхнічнай і інавацыйнай галінах, энергетыцы, транспарце, машынабудаванні, сельскай гаспадарцы. "Важнейшым аспектам узаемадзеяння ў СНД Украіна лічыць энергетычную сферу. Перш за ўсё, гэта датычыцца развіцця супрацоўніцтва па пытаннях транспарціроўкі энергарэсурсаў, забеспячэння надзейнасці іх паставак, выпрацоўкі зразумелых і дакладных прынцыпаў дзейнасці дзяржаў-удзельніц на рынку энерганосьбітаў", - сказаў Прэзідэнт Украіны.

Паводле яго слоў, неабходна пашыраць узаемадзеянне і ў сферах, звязаных з электразабеспячэннем. У сувязі з гэтым прадугледжваецца правесці шэраг міжнародных канферэнцый, круглых сталоў і пасяджэнняў органаў галіновага супрацоўніцтва.

Асаблівую ўвагу ў год старшынства ў Садружнасці Украіна плануе ўдзяліць культурна-гуманітарнаму супрацоўніцтву, пры гэтым асобны акцэнт будзе зроблены на правядзенні мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Прэзідэнт Украіны прапанаваў чарговае пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД правесці ў кастрычніку наступнага года ў Кіеве, прымеркаваўшы яго да знамянальнай даты.

Віктар Януковіч выказаў удзячнасць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку за паспяховае старшынства ў СНД у бягучым годзе, а таксама падзякаваў за добрую арганізацыю і правядзенне на высокім узроўні пасяджэння. "Я лічу, што гэта адзін з прыкладаў для нас усіх для пераймання, - сказаў Прэзідэнт Украіны. - Упэўнены, беларускім бокам праведзена вялікая работа ў напрамку пашырэння ўзаемадзеяння нашых краін у рамках СНД на карысць кожнага чалавека".

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка ад імя Савета кіраўнікоў дзяржаў пажадаў Украіне паспяховага старшынства ў наступным годзе. "Тая праграма, якая сёння прапанавана вамі, шырокая і ўнікальная", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч закрануў таксама тэму падпісання Украінай пагаднення з Еўрасаюзам аб асацыяцыі. Ён лічыць, што Украіна і ў гэтым выпадку знойдзе кампраміс па ўзаемадзеянню з Мытным саюзам.

У сувязі з гэтым украінскі бок прапанаваў сфарміраваць пастаянна дзеючы кансультатыўны фармат Украіна - Еўрапейскі саюз - Мытны саюз і разлічвае на падтрымку такой ініцыятывы. Віктар Януковіч адзначыў, што гэта тэматыка абмяркоўвалася з Еўрапейскай камісіяй. "Яна не супраць, каб мы пастаянна шукалі шляхі пераадолення бар'ераў у гандлі паміж нашымі краінамі", - сказаў Прэзідэнт Украіны.

Іншыя ўдзельнікі пасяджэння таксама выказаліся ў падтрымку ўсіх пытанняў, якія складалі парадак дня саміту. У сваіх выступленнях яны падкрэслілі намеры і ў далейшым садзейнічаць развіццю супрацоўніцтва ў СНД па ўсіх напрамках. Акрамя таго, асабліва адзначана важнасць сумеснай падрыхтоўкі да святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне дзеля захавання памяці аб Вялікай Перамозе.

"Наш абавязак выхоўваць у падрастаючага пакалення пачуццё гонару за вялікі подзвіг нашых народаў у барацьбе з фашызмам, цвёрда процістаяць розным фальсіфікацыям і спробам апраўдаць прыслужнікаў нацызму, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Упэўнены, што прынятыя намі сёння рашэнні прыцягнуць дадатковую ўвагу грамадскасці да гэтай тэматыкі і будуць садзейнічаць папулярызацыі вялікага подзвігу".

Адкрываючы пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці ў шырокім складзе, Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў удзельнікаў аб выніках беларускага старшынства ў СНД.

Ён падкрэсліў, што Беларусь выканала ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы. "Зроблена шмат, прынамсі, Беларусь выканала ўсе вашы даручэнні і рэалізавала план канкрэтных мерапрыемстваў", - сказаў беларускі лідар.

"У рамках свайго старшынства мы пастараліся надаць дадатковы дынамізм узаемадзеянню паміж краінамі СНД па ўсіх напрамках", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, асаблівая ўвага ўдзялялася эканамічнаму супрацоўніцтву: рабоце па падрыхтоўцы праекта дагавора аб зоне свабоднага гандлю паслугамі, развіццю міжгаліновай і вытворчай кааперацыі. У першую чаргу гэта датычыцца такіх галін, як транспарт, энергетыка, сельская гаспадарка, тэлекамунікацыі, нана- і біятэхналогіі, космас.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што атрымала развіццё супрацоўніцтва паміж суб'ектамі гаспадарання краін СНД. Гэтаму садзейнічала правядзенне ў Беларусі Форуму дзелавых людзей, Беларускага прамысловага форуму, міжнародных і рэгіянальных канферэнцый, выставак і кірмашоў.

Важным напрамкам стала актыўная работа дзяржаў Садружнасці па фарміраванню агульнага аграрнага рынку.
"Нашым партнёрам была прадастаўлена магчымасць азнаёміцца з развіццём міжрэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва ў Беларусі, што з'яўляецца важным фактарам умацавання адносін паміж дзяржавамі-суседзямі", - сказаў беларускі лідар.

Была забяспечана планамерная работа па стварэнню і развіццю адзінай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускае старшынства праходзіць у Год экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя. "Мы імкнуліся да таго, каб дабрабыт нашага агульнага дома стаў штодзённым клопатам кожнага грамадзяніна краін Садружнасці", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Паводле яго слоў, менавіта таму беларускі бок ініцыіраваў прыняцце пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Беларусь прапанавала пералік рэгіянальных зялёных энергетычных праектаў, выступіла з канкрэтнымі ідэямі па далейшай мадэрнізацыі эканомік дзяржаў СНД шляхам шырокага ўкаранення экалагічна чыстых тэхналогій. Паводле слоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, гэта прадугледжвае інавацыі, актыўнае выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі, пераход на мясцовыя віды паліва.

У мэтах пашырэння дыялогу культур прадоўжана фарміраванне інфармацыйнай і адукацыйнай прасторы Садружнасці. У Мінску праведзены VIII Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі СНД. Гэта мерапрыемства дало магчымасць выдзеліць актуальныя напрамкі развіцця трансгранічнага экалагічнага, культурнага, адукацыйнага і навуковага супрацоўніцтва, адзначыў Прэзідэнт.

"Мы таксама намецілі перспектывы ўзаемадзеяння Садружнасці з іншымі міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасці з ЮНЕСКА", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пашырэнню супрацоўніцтва ў інфармацыйнай сферы садзейнічала правядзенне такіх тэматычных мерапрыемстваў, як VIII Беларускі міжнародны медыя-форум, Мінская міжнародная кніжная выстаўка. У гэтым кантэксце Аляксандр Лукашэнка адзначыў актывізацыю работы тэлерадыёкампаніі "Мір" па праблематыцы Садружнасці. На думку беларускага лідара, прынятыя ў бягучым годзе рашэнні аб супрацоўніцтве па фарміраванню адзінай адукацыйнай прасторы адкрываюць для грамадзян новыя магчымасці.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь лічыць, што сёння нельга гаварыць аб тым, што СНД зжыла сябе, яна будзе шукаць магчымасці супрацоўніцтва з цэнтрамі сілы, якія ўзніклі вакол Садружнасці.

"Мы ні ў якім выпадку не павінны страціць СНД як пляцоўку для дыялогу", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Апошнім часам многія гавораць, што вакол Садружнасці Незалежных Дзяржаў, рэспублік былога Савецкага Саюза ўзнікла шмат цэнтраў сілы, якія так ці інакш прыцягваюць нашы дзяржавы. Гэта сапраўды так", - згадзіўся Кіраўнік беларускай дзяржавы. "Але тым, хто сёння заяўляе аб тым, што ў сувязі са з'яўленнем новых інтэграцыйных утварэнняў Садружнасць ледзь не зжыла сябе, хацеў бы сказаць, што мы будзем супрацоўнічаць з гэтымі цэнтрамі сілы", - сказаў беларускі лідар. Ён дадаў, што ідзе пошук шляхоў узаемадзеяння з Кітаем, Еўрапейскім саюзам.

"Але тое, што аб'ядноўвае нас, наўрад ці калісьці аб'яднае гэтыя цэнтры сілы з намі. Мы не толькі, вобразна кажучы, размаўляем на адной мове, мы, відаць, аднолькава думаем. Гэта сведчыць аб тым, што мы ні ў якім выпадку не павінны страціць гэту вялікую пляцоўку для дыялогу, імя якой Садружнасць Незалежных Дзяржаў", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок вельмі сур'ёзна рыхтаваўся да гэтага мерапрыемства, каб прадэманстраваць, што незалежнасць і дабрабыт народа залежаць перш за ўсё ад супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД. Прэзідэнт лічыць, што ў палітыцы беларускай дзяржавы так будзе заўсёды. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржавам СНД трэба, не зніжаючы абаротаў, прадаўжаць актыўную работу па ўсіх напрамках, рабіць супрацоўніцтва больш цесным. "Мы ні ў якім выпадку не павінны страціць адзін аднаго ў гэтым бурным свеце", - сказаў беларускі лідар.

Падводзячы вынікі пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што былі разгледжаны праблемы, якія хвалююць сёння многіх, і выказаў упэўненасць, што адобраныя рашэнні адпавядаюць інтарэсам усіх дзяржаў Садружнасці і іх грамадзян.

У той жа час Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў аб заяве, зробленай напярэдадні беларускага старшынства ў СНД, аб тым, што Садружнасць хацела б вяртання ў свой склад Грузіі.

Гаворачы аб яе выхадзе з СНД некалькі гадоў таму, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што "відаць, тады для гэтага былі пэўныя ўнутраныя матывы". "Але жыццё не стаіць на месцы. Мы як жылі побач, так і прадаўжаем жыць", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Адкрыта заяўляю, і гэта не толькі мая думка, што мы хацелі б, каб Грузія вярнулася ў склад Садружнасці", - падкрэсліў беларускі лідар. "Думаю, Грузія пачуе гэта пасланне", - дадаў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Грузіі шмат, у тым ліку і ў кіраўніцтве, жадаючых мець пляцоўку, дзе можна абмяркоўваць не толькі палітычныя, але і эканамічныя пытанні.

"Лічу, для таго каб ад слоў перайсці да справы, нам трэба шукаць не тое, што нас раз'ядноўвае, а тое, што аб'ядноўвае, і мы атрымаем ад гэтага адпаведны выйгрыш. У канчатковым выніку, усё гэта ацэняць нашы людзі як у Садружнасці, так і ў Грузіі", - падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

"Хацелася, каб мы не забывалі, што наша Садружнасць - гэта жывы арганізм, а любому арганізму патрэбна развіццё", - дадаў беларускі лідар.

У сваю чаргу Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч выказаў згоду з агучанай беларускім лідарам пазіцыяй і падкрэсліў, што дзверы СНД для Грузіі заўсёды адкрыты.

У час пасяджэння вялікі блок пытанняў быў прысвечаны тэматыцы барацьбы з асноўнымі выклікамі сучаснасці: тэрарызмам і правапарушэннямі.

Кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі праграмы аб супрацоўніцтве па барацьбе з тэрарызмам і іншымі насільнымі праявамі экстрэмізму на 2014-2016 гады, супрацоўніцтве ў барацьбе з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і процідзеянні наркаманіі на 2014-2018 гады.

Прынята таксама міждзяржаўная праграма сумесных мер па барацьбе са злачыннасцю на 2014-2018 гады.

Акрамя таго, была ўзгоднена праграма аб супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД у барацьбе з гандлем людзьмі на 2014-2018 гады. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, якую вялікую ўвагу Беларусь удзяляе барацьбе з гандлем людзьмі. Краіна неаднаразова выступала ініцыятарам актывізацыі ўзаемадзеяння ў гэтым напрамку як у рамках двухбаковага супрацоўніцтва, так і ў розных міжнародных арганізацыях, у тым ліку ў ААН.

Кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі таксама пагадненне аб утварэнні Міждзяржаўнага савета па процідзеянню карупцыі і канцэпцыю супрацоўніцтва ў барацьбе са злачынствамі, што ўчыняюцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.

На пашырэнне культурнага супрацоўніцтва на прасторы СНД накіравана прынятае кіраўнікамі дзяржаў рашэнне аб рэалізацыі ў 2014 годзе Міждзяржаўнай праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці" - імі будуць гарады Алматы ў Казахстане і Ош у Кыргызстане.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі з вельмі глыбокай павагай адносяцца да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія адстаялі свабоду і незалежнасць Радзімы. Ён звярнуў увагу на тое, што ў год беларускага старшынства праведзена вялікая работа па падрыхтоўцы да святкавання 70-й гадавіны Вялікай Перамогі. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што Украіна, якая прымае эстафету старшынства ў СНД, на працягу наступнага года таксама ўдзеліць гэтаму напрамку значную ўвагу.

Удзельнікі пасяджэння прынялі рашэнне аб аб'яўленні 2015 года Годам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама зацвердзілі рашэнне аб адзінай юбілейнай узнагародзе да 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў 1945 годзе.

Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў аб'явілі 2014 год у СНД Годам турызму. Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што прыцягненне дадатковай увагі да турыстычнага патэнцыялу краін Садружнасці будзе садзейнічаць умацаванню іміджу СНД у свеце, а таксама пашырэнню кантактаў паміж грамадзянамі.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў калегам за візіт у Мінск і выказаў надзею на тое, што ў хуткім часе ўбачыць іх зноў у час правядзення ў беларускай сталіцы чэмпіянату свету па хакеі ў маі 2014 года.

У сваю чаргу замежныя лідары адзначылі высокі арганізацыйны ўзровень праведзеных у Мінску самітаў і цёплы прыём, аказаны беларускім бокам.

Праведзеныя ў беларускай сталіцы 24-25 кастрычніка саміты праходзілі ў новым будынку - Палацы Незалежнасці. Ён задумваўся як месца правядзення такіх маштабных мерапрыемстваў на дзяржаўным узроўні.

Фасад будынка выкананы ў стылі постмадэрнізму з элементамі класічных архітэктурных форм. Галоўныя фасады ўпрыгожаны дзяржаўнай сімволікай у выглядзе гербаў, у інтэр'ерных рашэннях за аснову ўзяты класічны стыль з вялікай колькасцю элементаў нацыянальных арнаментаў, мастацкім роспісам сцен і столі. Праектаванне і будаўніцтва аб'екта праводзілася беларускімі спецыялістамі, пры выкананні інжынерных і аддзелачных работ усюды выкарыстоўваліся айчынныя матэрыялы і канструкцыі. Пры нарматыўнай працягласці будаўніцтва будынка 57 месяцаў ён быў узведзены за 29 месяцаў. Беларускі будаўнічы комплекс забяспечыў выкананне работ на сучасным тэхналагічным узроўні, які адпавядае лепшым сусветным аналагам.

Прэзідэнты краін СНД заклалі ў Мінску на тэрыторыі Палаца Незалежнасці Алею ганаровых гасцей. Саджаць дрэвы ім дапамагалі прадстаўнікі беларускай моладзі ў нацыянальных касцюмах краін Садружнасці.