У беларускае грамадзянства прыняты 448 грамадзян Украіны

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 7 снежня падпісаў Указ № 480, у адпаведнасці з якім у беларускае грамадзянства прыняты 448 грамадзян Украіны.

    Гэта асобы, якія звярнуліся па гэтым пытанні пасля адпаведных даручэнняў Прэзідэнта, дадзеных у час "Вялікай размовы" - сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, медыйнай і экспертнай супольнасці.

    Раней Прэзідэнтам ужо быў падпісаны аналагічны Указ, у адпаведнасці з якім у грамадзянства Беларусі прыняты 248 грамадзян Украіны.

    Акрамя таго, выконваючы даручэнні Кіраўніка дзяржавы, падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі МУС аформілі рашэнні аб прадастаўленні беларускага грамадзянства ў рэгістрацыйным парадку 485 грамадзянам Украіны.

    У цэлым пасля "Вялікай размовы" каля 1,2 тыс. чалавек, якія прыбылі з Украіны, сталі беларускімі грамадзянамі.

    Цяпер у Камісіі па пытаннях грамадзянства пры Прэзідэнце Беларусі няма неразгледжаных заяў аб прыёме ў грамадзянства. У далейшым работа па выкананні даручэння Кіраўніка дзяржавы будзе прадаўжацца.